Віцебскі абласны суд падцвердзіў, што міёрскага актывіста Васільева звальнялі незаконна
Віцебскі абласны суд паставіў кропку ў справе незаконнага пазбаўлення працы міёрскага актывіста Партыі АГП Сяржука Васільева.
4 верасня ў абласным судзе разглядалася касацыйная скарга на рашэнне Міёрскага раённага суда аб ягоным аднаўленні на працы дырэктарам сельскага дома культуры. Ініцыяваў падачу скаргі раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, дзе і прымалася рашэнне аб звальненні з працы актывіста ў сакавіку бягучага года. Як паведаміў Васільеў праваабаронцам "Вясны", рашэнне раённага суда аб ягоным аднаўленні на працы пакінута ў сіле, а скарга без задавальнення.
Сяржука Васільева звольнілі з працы адразу пасля Дня волі 25 сакавіка. Ён перакананы, што гэта звязана з яго актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і палітычнай дзейнасцю. Напярэдадні 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі цэлую ноч дзяжурылі каля яго дома, раніцай дапытваліся, куды ён збіраецца ехаць, аднак актывіст усё ж дабраўся да Мінску і прыняў удзел у святкаванні Дня Волі.
На другі дзень Васільеву паведамілі, што яго звальняюць. Аднак актывіст абскардзіў гэты загад у судзе Міёрскага раёна, які 18 траўня прызнаў звальненне неабгрунтаваным. Мясцовыя чыноўнікі ад культуры не пагадзіліся і падалі касацыйную скаргу у абласны суд, але справу прайгралі.
А вось пра аднаўленне на працы казаць пакуль рана, паколькі 4 чэрвеня Сяржук Васільеў быў звольнены ў другі раз. Ён спрабаваў аспрэчыць новае рашэнне, але 5 ліпеня Віцебскі абласны суд абласны суд яму ў гэтым адмовіў.
Дарэчы, гэта не першы выпадак пераследу актывіста па палітычных матывах. Праблемы з працай у яго пачаліся яшчэ пасля арышту за Плошчу 2010 года. Некалькі год ён даглядаў хворую маці, а пасля таго, як маці памерла, актывіста не хацелі нідзе ўладкоўваць на працу. У рэшце Сяржук Васільеў, які мае дзве вышэйшыя адукацыі і шмат гадоў працаваў настаўнікам, з цяжкасцю ўладкаваўся грузчыкам на завод.
Зараз Сяржук Васільеў рыхтуе сустрэчны пазоў да міёрскіх ідэолагаў. Праз суд ён будзе дамагацца кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, нанесенай яму незаконным звальненнем з працы за перыяд з сакавіка па чэрвень 2017 года.