Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека ў Беларусі.
Анонс выпуска:
“Падзея”: У Варшаве прайшла штогадовая вялікая канферэнцыя БДІПЧ АБСЕ, прысвечаная чалавечаму вымярэнню. У межах яе беларускія праваабаронцы зачыталі даклады аб парушэннях правоў чалавека ў нашай краіне. Асноўныя тэмы, якія абмяркоўваліся падчас канферэнцыя, - гэта незаконнасць Дэкрэта №3, справа "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" і пераслед прафсаюзаў.
“Каментар”: Міністэрства юстыцыі распачало пазачарговую пераатэстацыю адвакатаў. Па выніках першай працэдуры “некваліфікаванай” прызналі адвакатку Ганну Бахціну, якая займалася палітычнымі справамі. Апошнім яе гучным падабаронным стаў Міраслаў Лазоўскі, фігурант палітычна матываванай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”. Адвакатка лічыць, што менавіта абарона Лазоўскага стала апошняй кропляй для ўладаў.
“Каментар эксперту”: На мінулым тыдні ў Гародні адбылася дыскусія па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі. У ёй удзельнічалі міжнародныя эксперты, прадстаўнікі ўладаў і няўрадавых арганізацый. Сярод удзельнікаў прэс-канферэнцыі быў Іван Шымонавіч, памочнік Генеральнага сакратара ААН і дарадца ААН па пытаннях адказнасці за абарону. Падчас свайго выступу ён нагадаў, што няма такіх народаў, дзе б праз рэферэндум можна было дасягнуць поспеху прыхільнікам адмены смяротнага пакарання.
“Асоба”: Сацыяльны актывіст Раман Халілаў быў затрыманы людзьмі ў цывільным восьмага верасня ў пад’ездзе свайго дома. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол правапарушэння, нібыта той лаяўся матам, і адвезлі Халілава ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе ён правёў выходныя.
У музычных паўзах – кампазіцыі гурта Nizkiz.