Праваабаронцы маюць намер прымусіць МУС разгледзець іх зварот па справе Алены Танкачовай
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 18 верасня адмовіў у датэрміновым вяртанні ў Беларусь праваабаронцы Алены Танкачовай.
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка у ліку іншых заяўнікаў звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска са скаргай на дзеянні Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Падставай для скаргі паслужыў адказ на калектыўны зварот ад 4 ліпеня 2017 да міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у якім утрымлівалася просьба больш чым 50 грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў «у адпаведнасці з п. 22 Палажэння аб парадку ажыццяўлення высылкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дамовамі, для мэт устаранення перашкод свабоды перамяшчэння і аднаўлення сям'і скараціць тэрмін забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянцы РФ Танкачовай Алене Барысаўне і выключыць яе са спісу асобаў, уезд якім забаронены ў Рэспубліку Беларусь у максімальна кароткія тэрміны».
Праваабаронцамі быў атрыманы адказ з МУС: зварот не быў разгледжаны па сутнасці на падставе таго, што грамадзяне, якія падалі яго, быццам бы прадстаўляючы інтарэсы грамадзянкі РФ Танкачовай А.Б., не прадставілі даверанасць, аформленую ад яе імя.
«Мяркуючы гэта абсурдным і жадаючы атрымаць судовую ацэнку такой пазіцыі МУС, мы прасілі са спасылкамі, у тым ліку на Канстытуцыю і міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў сферы захавання і заахвочвання правоў чалавека, прызнаць дзеянні МУС незаконнымі, якія парушаюць нашыя правы і прыняць адпаведныя меры па аднаўленні парушаных правоў», - падкрэсліў Павел Сапелка.
Ён адзначыў, што права МУС скараціць тэрмін забароны на ўезд у Рэспубліку Беларусь ніяк не абумоўлена наяўнасцю або адсутнасцю згоды на гэта Алены Танкачовай. Гэта рашэнне можа прымацца МУС самастойна; нагодай і падставай прыняцця такога рашэння могуць быць і звароты грамадзян: нейкіх указанняў аб гэтым адпаведнае Палажэнне (аб парадку ажыццяўлення высылкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з Рэспублікі Беларусь) не ўтрымлівае.
«Патрабаванне даць якія-небудзь даверанасці на падобны зварот абсурдна: мы звярталіся ў МУС не ад імя Алены Танкачовай, а рэалізоўвалі ўласныя правы на зварот у дзяржаўны орган. Настойвалі на адмене забароны, а не на прыняцці рашэння, які стварае абавязацельствы або накладае абмежаванні на каго-небудзь.
Вядома, мы спадзяваліся хаця б на тое, што суд змусіць разгледзець наш зварот па сутнасці; прынятае рашэнне суда будзе абскарджана ў Мінскі гарадскі суд», - пракаментаваў юрыст "Вясны".
Нагадаем, 5 лістапада 2014 года Першамайскі РУУС Мінска прадпісаў Алене Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь, забараніўшы ёй наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады.
Алена Танкачова з'яўляецца грамадзянскай Расіі, але пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і да высылкі - пастаянную працу. На працягу 20 гадоў яна і узначальваемы ёй Цэнтр прававой трансфармацыі аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.
Алена Танкачова звязвае дэпартацыю са сваёй праваабарончай дзейнасцю. Яна аплаціла ўсе штрафы і тройчы падавала заявы ў МУС на датэрміновае вяртанне, але кожны раз ёй адмаўлялі.