viasna on patreon

Вячаслаў Касінераў абскарджвае адмову суда абараніць яго гонар і годнасць

2017 2017-09-21T16:29:47+0300 2017-09-21T16:59:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kasinerau-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў

Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суду Цэнтральнага раёна Мінска, які не задаволіў яго пазоў па абароне гонару і годнасці. Касінераў просіць адмяніць папярэдняе і прыняць новае рашэнне па справе.

Улетку Вячаслаў Касінераў звярнуўся ў суд з пазовам супраць кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Барсукова і вядоўцы тэлеканала АНТ Кацярыны Цішкевіч, а таксама іх наймальнікаў — тэлеканала і МУС. Касінераў палічыў абразай для сябе наступныя словы Барсукова ў эфіры АНТ: "Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку... Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці".

Але на момант выхаду тэлесюжэту Касінераў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці толькі аднойчы па вядомай "справе графіцістаў". І судзілі яго тады за псаванне маёмасці, а не за хуліганства.

На судовым паседжанні, якое адбылося 17 жніўня, суддзя падтрымаў пазіцыю адказчыкаў ад МУС, якія сцвярджалі, што імя Касінерава ў тэлесюжэце не згадваецца, і, адпаведна, ідэнтыфікаваць яго немагчыма. На гэтай падставе суд адмовіў Касінераву ў задавальненні пазову аб абароне гонару і годнасці і кампенсацыі маральнай шкоды.

Актывіст лічыць такое рашэнне незаконным і неабгрунтаваным і таму з дапамогай Праваабарончага цэнтру “Вясна” накіраваў касацыйную скаргу на дадзеная рашэнне.

У скарзе Касінераў нагадвае пра тое, як прадстаўнікі адказчыка сцвярджалі, што распаўсюджаныя Барсуковым звесткі не дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу пазоўніка. Але пры гэтым сам Барсукоў у сваім пярэчанні на іскавую заяву прызнаў, што распаўсюдзіў звесткі менавіта пра Касінерава. Такім чынам, пазіцыя Барсукова разыходзіцца за пазіцыяй прадстаўнікоў двух адказчыкаў ад МУС і тэлебачання. Суд пакінуў дадзены факт без увагі. Таксама суд не даў адказу, да каго ж, калі не да пазоўніка, адносяцца звесткі пра наяўнасць “трох судзімасцяў за хуліганства і трох за псаванне маёмасці”.

Юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка лічыць, што прадстаўленыя ў судзе доказы яскрава дэманструюць тое, што распаўсюджаныя Барсуковым звесткі тычыліся менавіта Касінерава і дакладна абражаюць яго гонар і годнасць.

“Паводле Пастановы Пленума Вярхоўнага суда ад 23 снежня 1999 г. №15 "Аб практыцы разгляду судамі грамадзянскіх спраў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі” і норме ст.153 ГК РБ падставай для пазоваў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі з’яўляюцца тры ўмовы: наяўнасць факту распаўсюду звестак у дачыненні да асобы, якая падае пазоў, неадпаведнасць распаўсюджаных звестак рэчаіснасці і ганебны характар гэтых звестак. Наяўнасць факту распаўсюджвання ў нашым выпадку ні ў каго не выклікае сумневу. Таксама ні адзін з адказчыкаў не прадставіў судовых прысудаў аб прыцягненні пазоўніка тры разы да крымінальнай адказнасці за хуліганства і тры разы да крымінальнай адказнасці за псаванне маёмасці. Адпаведна, звесткі аб судзімасці пазоўніка не адпавядаюць рэчаіснасці. Ну і ганебны характар ​​распаўсюджаных звестак палягае з таго, што звесткі носяць абвінаваўчы характар ​​у дачыненні да істца і пацвярджаюцца словамі Барсукова аб тым, што колькасць судзімасцяў «напэўна, неяк ужо характарызуе вышэй названага грамадзяніна». Такім чынам, заяўленыя іскавыя патрабаванні адпавядаюць усім неабходным умовам”, - адзначае юрыст.

Нагадаем, падставай для відэасюжэту “Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда” стаў праведзены Вячаславам Касінеравым перфоманс каля будынку МУС. Падчас яго актывіст накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. За гэты ўчынак Касінераў быў абвінавачаны ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК РБ) і затым пакараны штрафам памерам 5 базавых велічынь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства