viasna on patreon

Кобрынская міліцыя ратуе гонар мундзіра: абласны суд адправіў справу Аляксандра Меха на паўторны разгляд

2017 2017-09-22T10:39:27+0300 2017-09-22T10:48:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/meh-sud-2017-08-17.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Мех у судзе 16 жніўня 2017 года.

Аляксандр Мех у судзе 16 жніўня 2017 года.

21 верасня ў Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі кобрынскіх супрацоўнікаў міліцыі на спыненне адміністратыўнай справы ў дачыненні да Аляксандра Меха.

Нагадаем, 15 жніўня грамадзкі актывіст з Кобрына Аляксандр Мех быў гвалтам схоплены супрацоўнікамі АМАП. Пасля некалькіх гадзін здзекаў Аляксандра звінавацілі ў “непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікам МУС” і склалі пратакол у парушэнні арт. 23.4 КаАП. У судзе актывіст запатрабаваў адваката, з-за чаго суд быў прызначаны на наступны дзень. 16 жніўня Кобрынскі суд “спыніў адміністратыўны працэс з-за непераканаўчасці прадстаўленых суду доказаў”.

Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", начальнік кобрынскага РАУС не пагадзіўся з вынікамі разгляду справы і падаў скаргу ў Брэсцкі абласны суд, у якой даказвае, што пастанова аб спыненні справы незаконная і таму мусіць быць адмененая па прычыне непаўнаты і неаб'ектыўнага даследавання адміністратыўнага правапарушэння. Пры гэтым міліцэйскі начальнік спаслаўся на рапарт супрацоўніка МУС Руслана Гінцэвіча і пацярпелага сведкі Ігара Карповіча, таксама міліцыянта: “Хапаўся за форменную вопратку, адмаўляўся сам ісці ў службовае аўто...”.

У абласным судзе Аляксандар Мех патлумачыў, што яго і гаспадара кватэры заламалі ў пад'ездзе, прыдушылі, скруцілі і адправілі ў РАУС, без усялякай на гэта падставы.

Гематомы на твары у Меха

“Нас затрымалі пасля выяўлення “праслушкі” літаральна праз некалькі хвілін, калі мы з гаспадаром кватэры, ў якой прылада была знойдзена, выходзілі з пад'езду. Нас звінавацілі ў непадпарадкаванні паводле артыкула 23.4 КаАП. Выдумалі, што мы перашкаджалі затрыманню і ўсяляк перашкаджалі супрацоўнікам ажыццяўляць свае "законныя" дзеянні. Гэта ўсё хлусня!” – чарговы раз даводзіў суду Аляксандар Мех

Суддзя Брэсцкага абласнога суда Грыгаровіч доўга не разважаў над прыняццём рашэння – яно было падрыхтавана загадзя: “Пастанову суддзі Кобрынскага раёна адмяніць і адправіць справу на паўторны разгляд у той сама суд іншаму суддзі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства