viasna on patreon

Фігуранты "справы патрыётаў" выступілі з заявай у сувязі з працягам тэрміну следства Дакумент

2017 2017-09-26T11:32:02+0300 2017-09-26T12:15:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/siza-valadarka-kpby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
СІЗА-1 Мінска. Фота: Дзмітрый Ласько

СІЗА-1 Мінска. Фота: Дзмітрый Ласько

21 верасня споўнілася паўгода з моманту першых затрыманняў у рамках гэтай крымінальнай справы. Яе фігуранты 26 верасня распаўсюдзілі заяву, у якой адзначаюць, што тэрмін следства па арт. 287 Крымінальнага кодэкса (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання) зноў прадоўжаны, паведамляе "БелаПАН". "Мы спадзяваліся, што зацікаўленым дзяржаўным структурам хопіць шасці месяцаў, каб разабрацца і зразумець: падстаў для распачынання крымінальных спраў па артыкулах 293 ч. 3 ("падрыхтоўка масавых беспарадкаў".) і 287 не было і няма", — пішуць аўтары.

"Так, мы ўсе — фігуранты "справы патрыётаў" — сёння знаходзімся на волі, адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе і невыдаванні, але справа не спынена, — адзначаецца ў заяве. — І непрыемным сюрпрызам стала нядаўняе пазбаўленне ліцэнзіі Ганны Бахціной, адваката ключавога фігуранта справы Міраслава Лазоўскага, якога следства спрабавала прадставіць лідарам міфічнай "узброенай арганізацыі". Гэта рашэнне фігуранты справы лічаць "палітычна матываваным, вытрыманым у духу помсты за сумленнае выкананне Ганнай Віктараўнай сваіх прафесійных абавязакаў у якасці юрыста і адваката". Яны спадзяюцца, што такая практыка не будзе прымененая ў дачыненні да іншых адвакатаў, а рашэнне ў дачыненні да Бахціной будзе адменена.

"Мы па-ранейшаму заяўляем аб сваёй невінаватасці і перакананыя: як самі арышты, так і надуманыя абвінавачанні ў крымінальных злачынствах, якія сталі падставай для "справы патрыётаў", — гэта цалкам палітычнае рашэнне, якое не мае фактычных падстаў і звязана з няздольнасцю дзяржаўных структур справіцца з узніклай агульнай напружанай палітычнай і сацыяльнай сітуацыяй у краіне ў лютым—сакавіку 2017-га", — лічаць аўтары.

"Нягледзячы ні на што, — падкрэсліваюць яны, — кожны з нас будзе працягваць справу нашага жыцця — служэнне Радзіме шляхам развіцця беларускай культуры, пашырэння беларускай мовы, умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці, адстойвання нацыянальных інтарэсаў усімі законнымі спосабамі для ўмацавання і абароны канстытуцыйнага ладу".

Фігуранты справы таксама заявілі пра спробы спекуляцый на іх горы і выступілі з перасцярогай: "Любое пазіцыянаванне сябе любых асоб членамі "Белага легіёну", дзейнасць ад імя гэтай ужо не існуючай арганізацыі, збор сродкаў нібыта на патрэбы "арганізацыі" або яе членаў просім лічыць формай махлярства, якое мяжуе з правакацыяй. Нагадваем, што "Белы легіён" ужо даўно спыніў існаванне, а ў ранейшых яго ўдзельнікаў не было і няма намеру аднаўляць такую структуру".

Заяву падпісалі 15 фігурантаў справы - Абрамаў Аляксей, Бяляўскі Андрэй, Данілаў Віктар, Дундукоў Андрэй, Зімніцкі Аляксандр, Кавальчук Іван, Комлік-Ямацін Андрэй, Лазоўскі Міраслаў, Мароз Віктар, Новік Дзмітрый, Пашкевіч Цімур, Румянцаў Уладзімір, Стрыбульскі Сяргей, Яўдаха Алесь, Фёдараў Уладзімір.


Нагадаем, крымінальная справа па ч.3 арт.293 КК была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманыя больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з- пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў. 

Пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы. 27 - 30 чэрвеня, у сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. Крымінальны пераслед, аднак, спынены не быў.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства