viasna on patreon

Маніторынг: Права на працу не дастаткова абаронена і няма ўмоў для яго рэалізацыі

2017 2017-10-13T14:02:00+0300 2017-10-13T14:02:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vacansii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валанцёр Праваабарончага цэнтра "Вясна" Васіль Коўтун праманіторыў вакансіі, размешчаныя на сайтах аб працаўладкаванні, і выявіў факты дыскрымінацыі асобных катэгорый грамадзян пры прыёме на працу.

Так у выніку прагляду вакансій было выяўлена, што ў апісанні некаторых з іх ўтрымліваліся абмежаванні ў прыняцці на працу грамадзян, якія маюць судзімасць ці прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці і нават выплачваюць аліменты або крэдыт.

Васіль Коўтун адзначае, што сапраўды заканадаўства Рэспублікі Беларусь устанаўлівае некаторыя абмежаванні пры працаўладкаванні для асобаў, якія маюць судзімасць. Такія абмежаванні прадугледжаныя, напрыклад, для дзяржаўных служачых, асоб матэрыяльна адказных, педагагічных і пракурорскіх работнікаў, галоўных бухгалтараў і некаторых іншых прафесій. Акрамя таго, прысудам суда па крымінальнаму злачынству можа быць ужыты такі від пакарання як пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Аднак, на выяўленыя пры маніторынгу вакансіі, у большасці выпадкаў, патрабуюцца спецыялісты па рабочых спецыяльнасцях, альбо людзі, якія не валодаюць спецыяльнай падрыхтоўкай. А да падобных спецыяльнасцяў названыя вышэй абмежаванні не датычацца. Абмежаванняў пры працаўладкаванні для грамадзян, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці альбо выплачваюць аліменты або крэдыт, беларускае заканадаўства і зусім не ўтрымлівае.

Акрамя таго, артыкул 14 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь забараняе дыскрымінацыю ў сферы працоўных адносінаў.

Таксама артыкул 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15.06.2006 N 125-З «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» вызначае грамадзян, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, як тых, хто асабліва мае патрэбу ў сацыяльнай абароне, не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы. І абвяшчае, што дзяржава забяспечвае дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва такім грамадзянам.

Большасць выяўленых валанцёрам "Вясны" падчас маніторынгу вакансій размешчана арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі прыватнай формы ўласнасці, але сустракаюцца сярод іх і дзяржаўныя прадпрыемствы. Такія, напрыклад, як: Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вытворча-гандлёвы і гасцінічны комплекс "Кастрычніцкі" Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Рамонтна-будаўнічы трэст Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»; заснаванае Мінгарвыканкамам Дзяржаўная ўстанова "Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння".

"Дадзеныя дзяржаўныя арганізацыі альбо не чулі аб даручэнні Прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі працаўладкаваць усіх беспрацоўных да 1 траўня 2017 года, альбо чулі і свядома яго сабатуюць шляхам выстаўлення дыскрымінацыйных абмежаванняў пры працаўладкаванні. Асабліва выразна падобныя прыклады выглядаюць у разрэзе дзяржаўнай кампаніі па барацьбе з «дармаедамі»", - падкрэслівае Васіль Коўтун.

Па выніках маніторынгу валанцёрамі "Вясны" былі складзеныя звароты ў дзяржаўныя органы, якія валодаюць паўнамоцтвамі выправіць сітуацыю з вакансіямі, якія змяшчаюць дыскрымінацыйныя палажэнні. Аднак Пракуратура горада Мінска, Мінскае гарадское ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама пачалі жангляваць зваротамі паміж сабой і ў выніку ніякіх дзеянняў не распачалі, абмежаваўшыся стандартнымі адпіскамі.

"Часта адказваючы на ​​абвінавачванні ў парушэнні правоў чалавека, беларускія чыноўнікі кажуць, што ў Беларусі цалкам рэалізуецца права на працу, як асноўнае з правоў. Аднак, мяркуючы па выніках маніторынгу, і гэта права недастаткова абароненае і ўмовы для яго рэалізацыі створаныя не ў поўнай меры.

Адмова ў прыёме на працу грамадзянам, якія маюць судзімасць альбо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, акрамя таго, што парушае іх канстытуцыйныя правы, перашкаджае іх сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, цягне за сабой пагаршэнне крымінагеннай абстаноўкі ў краіне і рост беспрацоўя", - падводзіць вынік Васіль Коўтун.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства