viasna on patreon

На родных выключанага з ВНУ актывіста цісне міліцыя

2017 2017-10-17T14:47:47+0300 2017-10-17T14:55:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nelipovich-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Неліповіч.

Ігар Неліповіч.

Выключаны з Брэсцкага дзяржаўнага універсітэту імя Пушкіна актывіст Ігар Неліповіч распавёў праваабаронцам пра ціск, які аказваюць супрацоўнікі міліцыі на яго і яго родных.

Хлопец знаходзіцца за мяжой, аднак, у першай палове верасня супрацоўнікі міліцыі ціснулі на бацькоў Ігара і патрабавалі, каб ён з’явіўся ў РАУС Бярозаўскага раёна. Пры гэтым ніякіх афіцыйных папер і позваў не давалі і не дасылалі, актывіст нікуды не хадзіў.

10 кастрычніка бацьку Ігара Неліповіча выклікалі ў Следчы камітэт горада Бяроза. Там у яго следчы па асабліва важных справах з Упраўлення следчага камітэта г. Брэста Віктар Шулькін спрабаваў даведацца, дзе знаходзіцца Ігар, а таксама паведаміў, што хлопец знаходзіцца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе, распачатай па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса – “Хуліганства”.

З гэтай нагоды ў той жа дзень супрацоўнікамі 3-га аддзела ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) ГУБАЗіК Драневічам У. і Кучарам А. была прад’яўлена пастанова на правядзення вобшуку ў кватэры, дзе жывуць бацькі Ігара Неліповіча. Аднак, у выніку 20-хвіліннага вобшуку нічога не было знойдзена і нічога не канфіскавалі.

“На дадзены момант супрацоўнікі ГУБАЗа запужваюць і аказваюць псіхалагічны ціск на маіх бацькоў тым, што кажуць, калі я ў бліжэйшы час не з’яўлюся да іх на допыт, то на мяне пададуць у росшук”, - кажа Ігар Неліповіч.

Нагадаем, Ігар Неліповіч – былы студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. Вучыўся на гістарычным факультэце на спецыяльнасці «археалогія». Яго аштрафавалі на 230 рублёў за ўдзел у “Маршы недармаедаў” 5 сакавіка. Пасля гэтага яшчэ некалькі разоў выклікалі на размовы ў дэканат, а ў інтэрнат прыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і супрацоўнікі міліцыі. 16 сакавіка Ігара адлічылі на падставе двух вымоў: за адміністрацыйнае правапарушэнне і 30 гадзінаў пропускаў.

Хлопец прымаў удзел у кампаніі "Дамо рэпрэсіям урок" па абароне студэнтаў, адлічаных з навучальных устаноў за грамадска-палітычную дзейнасць, арганізаванай праваабарончай арганізацыяй Libereco, ПЦ "Вясна" і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў. Таксама падаваўся на праграму Каліноўскага, аднак, па незразумелах прычынах атрымаў адмову.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства