viasna on patreon

Жанна Літвіна пра правы чалавека ў Беларусі: улада ішла на саступкі, але ціснула на журналістаў

2017 2017-10-20T19:15:00+0300 2017-10-23T17:38:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/litvina-hrdby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сябра Праўлення БАЖ Жанна Літвіна. Фота: Ірына Арахоўская

Сябра Праўлення БАЖ Жанна Літвіна. Фота: Ірына Арахоўская

На адкрыцці ІV Беларускага праваабарончага форуму прадстаўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна выказала на форуме прагноз, што ў хуткім часе беларуская ўлада не адмовіцца ад кантролю за ўсім грамадзтвам, піша Свабода.

«Таму праблемаў у нас ня стане менш. Хоць апошнім часам мы назіралі факты гнуткасьці ўлады. Гэта ўдзел у працэдуры ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду, гэта міжведамасны плян і сам факт сустрэчы галоўнага рэдактара „Народнай волі“ Ёсіфа Сярэдзіча з кіраўніком дзяржавы, пасьля якой нашы 9 незалежных выданьняў праз 11 гадоў былі вернутыя ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюджаньня. Падзеі станоўчыя, але нельга іх разглядаць як прыкметы набліжэньня да дэмакратычных пераўтварэньняў. Гэта проста элемэнтарныя саступкі».

Час жорсткіх выпрабаваньняў і трыюмфу

Пры гэтым Жана Літвіна зьвярнула ўвагу на «неверагодны перасьлед журналістаў падчас вясновых падзеяў».

«Прынята практыка ня даць журналістам прафэсійна падрыхтаваць інфармацыю і перадаць яе ў публічную сфэру. У сакавіку зафіксавана 123 парушэньні правоў журналістаў. За 9 месяцаў больш як 100 журналістаў былі арыштаваныя, а 10 пакараныя арыштам да 10 сутак. Вытрымаць гэта немагчыма, калі б разам з намі не былі праваабарончыя арганізацыі. Гэты вясновы час для журналістыкі — час жорсткіх выпрабаваньняў і трыюмфу. Бо журналісцкая супольнасьць зьведала, што такое шматтысячныя наведваньні сайтаў, рост аўдыторыі — гэта прыносіць асалоду ад прафэсіі. Падчас акцый людзі закрывалі сабой журналістаў, баранілі іх і не давалі затрымліваць».

Фота: Ірына Арахоўская
Нумар часопіса БАЖ "Абажур", прысвечаны рэпрэсіям супраць журналістаў. Фота Ірыны Арахоўскай

Трэба мяняць закон аб СМІ наконт акрэдытацыі

Літвіна зьвярнула ўвагу на перасьлед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ — ад пачатку году 45 журналістаў былі аштрафаваныя за працу без акрэдытацыі.

«Адзінае, што можа ўратаваць, — гэта зьмена ў заканадаўстве, бо на сёньняшні дзень фрылянсэр, журналіст без акрэдытацыі, па-за законам, проста не чалавек. Гэта лёгкая здабыча для сілавых структураў. Нам складана адным справіцца з гэтым, і я заклікаю праваабаронцаў падтрымаць наш голас, каб унесьці зьмен аб СМІ».

Іншая праблема, паводле прадстаўніцы БАЖ, гэта доступ да інфармацыі.

«Нам патрэбна агульная кампанія ў грамадзтве за канстытуцыйнае права людзей ведаць тое, што адбываецца ў краіне. Каб яны маглі ажыцьцявіць сваё права на праўду».

Паводле Літвіной, незалежных журналістаў узрушылі таксама выказваньні новага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча пра тое, што рыхтуюцца новыя зьмены ў закон аб СМІ, якія будуць прадугледжваць яшчэ больш жорсткае рэгуляваньне за распаўсюдам інфармацыі ў інтэрнэце, і што гэта непасрэдна будзе перанесена на сацыяльныя сеткі.

Агрэсіўная расейская прапаганда

Аналізуючы сытуацыю ў Беларусі і рэгіёне пасьля мінулага праваабарончага форуму, Літвіна таксама адзначыла праблему, якая прыйшла з Расеі:

«Адна з новых прыкметаў — гэта расейскія прапаганда. Як толькі пачаліся дзеяньні Расеі на ўкраінскай тэрыторыі, мы атрымалі вельмі агрэсіўную прапаганду. Да яе не было гатовае наша грамадзтва, у нашых людзей не было імунітэту. І трэба дапамагаць людзям супрацьстаяць гэтай прапагандзе і дапамагаць разабрацца».

Удзельнікі форуму ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць журналісткі Веранікі Чаркасавай, забітай 20 кастрычніка 2004 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства