viasna on patreon

Уладзімір Някляеў: Яны думаюць, што любога можна зламаць…

2017 2017-11-13T12:03:21+0300 2017-11-13T12:03:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/niakliaeu-svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Някляеў у судзе 1 лістапада 2017. Фота: svaboda.org

Уладзімір Някляеў у судзе 1 лістапада 2017. Фота: svaboda.org

Былы палітвязень Уладзімір Някляеў распавёў сайту palitviazni.info, чаму ён звярнуўся з адкрытым лістом да старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі і галоўнага рэдактара «СБ» Паўла Якубовіча, а таксама пра тое, як улады “перавыхоўваюць” найбольш актыўных лідараў апазіцыі.

“Калі сабаку кідаюць палку і крычаць “Фас!”, то ён аўтаматычна бяжыць і хапае гэтую палку. Так ужо натрэніраваны сабака. Калі “Фас!” крычаць сілавікам, яны таксама кідаюцца выконваць каманду”, – кажа палітык.

Паэт і былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заклікаў абодвух чыноўнікаў ацаніць, ці слушна ён быў пакараны судом за выказванне для тэлеканалу «Белсат» пра мінскую акцыю пратэсту 21 кастрычніка.

Таксама ён прапанаваў чыноўнікам запрасіць яго да ўдзелу ў перадачы «Клуб рэдактароў» на дзяржаўным тэлебачанні.

– Як вядома, 1 лістапада суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Святлана Мятлёнак пакарала мяне 10-сутачным арыштам за нібыта заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным “Маршы абураных беларусаў”, які прайшоў у Мінску 21 кастрычніка, і ў якім я нават не ўдзельнічаў, – кажа Уладзімір Някляеў. – Як заклік ісці на марш суд расцаніў фрагмент майго інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат». Суд не прыняў да разгляду і ніяк не адрэагаваў на тое, што некалькі паважаных прафесійных арганізацый выказаліся ў маю падтрымку. Але ж грамадскія арганізацыі для ўлады – нішто. Калі б яшчэ дзяржаўныя структуры выказалі словы падтрымкі, то, можа быць, яшчэ прынялі б да ўвагі, а так атрымайце тое, што вам прысудзілі.

– Таму і вырашылі звярнуцца да Давыдзькі і Якубовіча?

– У “Клубе рэдактароў” на БТ яны неяк разважалі пра дэмакратыю, пра тое, каб у грамадстве не было супрацьстаяння. Я і падумаў, што, калі яны ўжо пра гэта заяўляюць, няхай зробяць рэальную працу. Давыдзька і Якубовіч кіруюць ведамствамі, якія могуць зрабіць дзяржаўную і журналіскую экспертызу і адказаць на пытанне: ці заклікаў я кудысьці людзей і ці варта за гэта мяне караць суткамі адміністрацынага арышту?

Няхай яны зараз пацвердзяць свае словы пра дэмакратыю рэальнымі дзеяннямі. Няхай скажуць сваё слова, як прафесіяналы.

– Якой зваротнай рэакцыі вы чакаеце?

– У тым самым “Клубе рэдактараў” таксама гучала, што, маўляў, удзельнікаў клуба несправядліва папракаюць у заангажаванасці, несамастойнасці, немагчымасці запрасіць многіх апанентаў улады. Дык вось зараз у іх ёсць магчымасць паказаць сваю самастойнасць. Калі яны гаспадары перадачы і гаспадары сваіх слоў, то няхай мне дадуць слова ў эфіры. Калі яны не гаспадары, значыцца яны гэта зрабіць не здолеюць. Гэтая сітуацыя будзе для Давыдзькі і Якубовіча лакмусавай паперкай.

– Ці ёсць сэнс шукаць праўду, калі ўсе мы ведаем, як беларускія суды выносяць некаторыя рашэнні?

– Гэта так. Калі сабаку кідаюць палку і крычаць “Фас!”, то ён аўтаматычна бяжыць і хапае гэтую палку. Так ужо натрэніраваны сабака. Калі “Фас!” крычаць сілавікам, яны таксама кідаюцца выконваць каманду.

Хаця сітуацыі бываюць розныя. Напрыклад, тую ж палку з той жа камандай кінулі ў Лідзе. Мясцовага актывіста Валерыя Мінца, паводле міліцэйскага пратакола, вінавацілі ў закліках да несанкцыянаванай акцыі 8 верасня ў Мінску. Справа Мінца і мая справа вельмі падобныя. Але там суд спыніў справу, бо суд Лідскага раёна – гэта не суд Ленінскага раёна сталіцы. Таму справа не ў законах, якія ёсць, а ў камандзе. Відаць, у Лідзе адназначна рэзкай каманды не было, і, калі суддзя аб’ектыўна разглядзеў факты, то зразумеў, што ніякай крамолы там няма.

Вось гэта даказвае тое, пра што мы бясконца кажам. А кажам пра абсалютнае бяспраўе грамадзян у гэтай краіне. І з гэтым нешта трэба рабіць. Чаму я пайшоў на гэты суд, падаў скаргу і не збіраюся на гэтым спыняцца? Прынцыпова! Я адсяджу гэтыя 10 сутак, як адсядзеў і папярэднія – сітуацыя не крытычная. І нічога незвычайнага тут для мяне няма, абы толькі, каб лекі ў ізалятары дазвалялі.

Але прынцыповасць павінна быць абавязкова. Калі ўжо на такім публічным узроўні абмяркоўваецца беззаконне, калі не спынім пасадкі ўжо нават не за дзеянні, а за словы, тады грамадства стане не толькі бяздзейным, але і нямым. З такім грамадствам і праўда можаце рабіць усе, што заўгодна. Таму я прынцыпова буду дамагацца адмены судовага рашэння. Дзеля таго, каб не ствараўся гэты прэцэдэнт пасадак за выказванне сваёй пазіцыі.

– Праз адміністрацыйныя арышты вас вырашылі перавыхоўваць?

– Так, але пазнавата ўзяліся за перавыхаванне. Напэўна, лічаць, што любога можна зламаць. І ў гэтым моцна памыляюцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства