viasna on patreon

Прэзідэнт загадаў пакараць вінаватых за "народную ўборку льну" на Гомельшчыне

2017 2017-11-15T13:38:22+0300 2017-11-15T13:38:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gomel_uborka_lna_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: Іван Ярывановіч, TUT.BY

Фота: Іван Ярывановіч, TUT.BY

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання распавёў, што прэзідэнт распарадзіўся знайсці і пакараць вінаватых у несвоечасовай уборцы льну ў Гомельскай вобласці, піша TUT.by. Тым часам праваабаронцы чакаюць рэакцыі абласной пракуратуры па факце выкарыстання прымусовай працы ў дадзенай сітуацыі.

Уборка льну на палях Кармянскага, Рагачоўскага, Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці выклікала шырокі грамадскі рэзананс у сувязі з прыцягненнем студэнтаў, навучэнцаў, выкладчыкаў і работнікаў навучальных устаноў, а таксама супрацоўнікаў прадпрыемстваў.

"У Гомельскай вобласці ёсць недапрацоўка мясцовых органаў улады, прыбраць лён трэба было раней і не звяртаючыся да дапамогі насельніцтва. Прэзідэнт вельмі рэзка адрэагаваў на сітуацыю, запатрабаваў пакараць вінаватых і перадаць матэрыялы ў пракуратуру", - цытуе TUT.by кіраўніка Мінсельгасхарча.

У пракуратуру Гомельскай вобласці па гэтым факце ўжо звярнуўся праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч. У заяве, на падставе публікацый у СМІ, ён папрасіў правесці праверку па факце выкарыстання прымусовай працы на палях сяльгаспрадпрыемстваў вобласці.

У заяве праваабаронца нагадвае, што мабілізацыя і выкарыстанне рабочай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця трактуецца як у працоўным заканадаўстве краіны, так і ў міжнародным праве як выкарыстанне прымусовай працы.

Разам з тым ён просіць пракуратуру прыняць меры па адмене незаконных распараджэнняў службовых асобаў Гомельскага аблвыканкама і кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія накіравалі сваіх супрацоўнікаў на працы па ўборцы льну, а таксама прыцягнуць вінаватых да адказнасці і прыняць неабходныя меры, накіраваныя на недапушчэнне падобных парушэнняў у будучыні.

ПЦ "Вясна" пастаянна звяртае ўвагу на тое, што прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства