Міліцыя пачала “пратакаліраваць” “Ланцуг памяці”
Не паспелі яшчэ праваахоўнікі на пару з судамі разабрацца ў удзельнікамі “Марша абураных беларусаў-2.0”, як час падганяе складаць пратаколы правапарушэнняў на тых, хто выйшаў 29 кастрычніка да прыступкаў будынку КДБ, каб правесці жалобную акцыю «Ланцуг памяці». Яна была прысвечаная памяці расстраляных дзеячоў культуры і навукі 29-30 кастрычніка 1937 года.
І хаця назіральнікі налічылі крыху больш за 20 удзельнікаў акцыі, яны не засталіся без увагі сілавых структур: “людзі ў цывільным” старанна фіксавалі на відэа ўсіх, хто стаяў у той вечар на прыступках КДБ.
На гэты час праваабаронцам вядома, што пратаколы адміністратыўнага правапарушэння складзеныя на кіраўнікоў руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка і Алену Талстую, актывістку і рэжысёра Вольгу Нікалайчык, былога актывіста БХД Антося Усовіча, актывіста Сяргея Тарасенку.