Блог Насты Лойкі: Карупцыя, Беларусь, правы чалавека
Нядаўна сяброўка распавяла гісторыю пра тое, што пазнёмілася на замежнай канферэнцыі з італійкай, якая паспела папрацаваць у Штатах, а зараз займаецца антыкарупцыйным праектам у Гішпаніі. Пасля такіх аповедаў я ўздыхаю не ад таго, што людзі могуць так цікава перамяшчацца па свеце, а ад таго, што цяжка ўявіць эфектыўную антыкарупцыйную арганізацыю ў Беларусі.
Карупцыя – гэта ня толькі эканамічная праблема, яна ўплывае на ўсе сферы жыцця грамадства, паколькі сама працэдура – незаконная дамова неправавога характара. Такі выключальнік для права і ўключальнік для прыватных інтарэсаў. Абавязак любой дзяржавы згодна з шэрагам міжнародных актаў – імкнуцца да мінімалізацыі карупцыі ў краіне, прымаць усе магчымыя меры. Карупцыя парушае правы чалавека праз адмову ад вяршынства права і аслабленне прававых механізмаў.
Мяне вельмі здзівіла, што некторыя краіны спрабуюць змагацца з карупцыяй жорсткімі рэпрэсійнымі метадамі, якія не заўжды працуюць. Так, у Кітаі, Паўночнай Карэі і В’етнаме за карупцыйныя злачынствы прадугледжанае смяротнае пакаранне, хаця ўзровень карупцыі ад таго ня падае.
Дык вось, у Беларусі профільных антыкарупцыйных арганізацый няма ад таго, што няма карупцыі?
У рэйтынгу карупцыйнасці Transparency International за 2016 год Беларусь займае 79 месца са 176. Зыходзячы з уласных назіранняў за асобнымі карупцыйнымі справамі, а таксама прыгадваючы лекцыі па фінансавым і падаткавым праве, ды з улікам кепскай эканамічный сітуацыі ў краіне, у мяне склалася ўражанне, што хабар выкарыстоўваецца актыўна ад сярэдняга ўзроўня ўлады і вышэй, пра гэта ўсе ведаюць, але саджаюць толькі тых, хто аступіўся. Пэўная праблема відавочна ёсць.
Мне падаецца, што антыкарупцыйных арганізацый у нас няма па некалькіх прычынах:
- праблема са свабодай асацыяцый – пад такую мэту ня так проста рэгістраваць арганізацыю;
- праблема доступа да інфармацыі пры забароне сродкаў адсочвання;
- асабістая небяспека для такога роду дзейнасці;
- аслабленая грамадзянская супольнасць у прынцыпе.
Спіс можна працягваць, але застаецца спадзявацца, што аднойчы ўмовы для працы такіх арганізацый будуць, але працы самой будзе ня шмат.