Валянцін Стэфановіч: «Жаляна Віё апраўдалі толькі таму, што ён грамадзянін Францыі»
Апраўдальны прысуд — даволі рэдкая зьява ў беларускіх судах, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. На яго думку, прысуд Жаляну Віё, які спрабаваў правезьці празь беларуска-ўкраінскую мяжу патрон, вынесены таму, што Віё — грамадзянін Францыі. Немалую ролю адыграў і той рэзананс, які займела гэтая справа ў СМІ.
20 лістапада Гомельскі суд прызнаў невінаватым і апраўдаў грамадзяніна Францыі Жаляна Віё. Ён вызвалены з-пад варты ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч у камэнтары Свабодзе сказаў:
«Мы, праваабаронцы, вельмі рады, што гэты чалавек нарэшце быў вызвалены з турмы, хоць праседзець два месяцы за няшчасны патрон для француза было сурова. Хацелася б, каб беларускія суды падыходзілі з такой жа лёгікай да іншых падобных спраў, бо нярэдка людзей асуджаюць за патрон ці за пяць патронаў, як было зь Мікалаем Аўтуховічам, які пяць гадоў пазбаўленьня волі атрымаў менавіта за пяць патронаў. Бо Аўтуховіч, я думаю, таксама ня меў намеру выкарыстоўваць гэтыя пяць патронаў па прызначэньні, менавіта як боепрыпасы.
Я думаю, статыстыка па такіх жа абвінавачваньнях у дачыненьні да грамадзянаў Беларусі зусім іншая».
На пытаньне, чаму беларускі суд паступіў з французам Жалянам Віё так гуманна — усё ж пракурор прасіла пакараць яго вялікім штрафам, 300 базавых велічыняў, — праваабаронца адказаў:
«Толькі таму, што ён грамадзянін Францыі. Я, шчыра кажучы, ня думаў, што Жалян Віё будзе апраўданы па 295 артыкуле — а гэта „Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў“. Пасьля выступу пракурора я думаў, што француз будзе апраўданы па артыкуле 333.1 — „Незаконнае перамяшчэньне выбуховых рэчываў празь мяжу“. Бо і зь ягоных паказаньняў, і з таго відэа, якое было паказана ў судзе, відавочна, што намеру перасячэньня мяжы з гэтым патронам у француза дакладна не было. У пракурора быў вельмі дзіўны выступ. Яна казала, што нібыта паводле ягоных паказаньняў атрымліваецца, што складу злачынства няма, але, тым ня менш, яна папрасіла яго пакараць буйным штрафам.
Хоць у гэтай гісторыі ёсьць яшчэ адзін цікавы момант: паводле паказаньняў француза, ён атрымаў гэты патрон у падарунак у Польшчы, а затрымалі яго на выезьдзе зь Беларусі. Гэта азначае, што праз польска-беларускую мяжу француз патрон перамясьціў, і ніякай прававой ацэнкі гэты факт не атрымаў.
Што да апраўданьня па 295 артыкуле — напэўна, суд зыходзіў з таго, што, паколькі сам француз успрымаў гэты патрон як муляж і сувэнір, то, адпаведна, у яго не было намеру на захоўваньне выбуховага прыстасаваньня ці боепрыпасаў. Я думаю, лёгіка была такая. І гэтая лёгіка правільная».
На пытаньне Свабоды, ці будзе Беларусь выплачваць кампэнсацыю французу за тое, што яго два месяцы ўтрымлівалі за кратамі, а вызвалены ён быў на рэабілітуючых падставах, праваабаронца Валянцін Стэфановіч адказаў так:
«Цяжка сказаць. Вось фігурантам справы аб масавых беспарадках, якая была спыненая, адмовілі ў выплаце кампэнсацыі — з матывацыяй, што ўсе працэсуальныя рашэньні, прынятыя ў дачыненьні да іх — а менавіта рашэньне пра зьмяшчэньне пад варту, санкцыянаванае пракурорам, — адбываліся ў межах дзейнага заканадаўства. Ніхто з адпаведных органаў незаконным іх узяцьце пад варту не прызнаваў — ну спынілі справу і спынілі. Але орган крымінальнага перасьледу, які па нашай працэдуры, вельмі дзіўнай, павінен даваць дазвол на атрыманьне такой кампэнсацыі, адмовіў гэтым людзям».