viasna on patreon

Затрыманага з Пятром Рабавым хлопца абвінавачваюць у прапагандзе фашызму

2017 2017-11-24T13:20:27+0300 2017-11-24T14:05:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/against_fashism.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміў Праваабарончаму цэнтру "Вясна" Ілья Сянько, які быў затрыманы 10 кастрычніка з расійскім філосафам і гісторыкам Пятром Рабавым у Баранавічах, 22 лістапада ў дачыненні да яго быў складзены пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 17.10 КаАП - «Прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі».

Малады чалавек праводзіў Пятра Рабава на цягнік пасля лекцыі ў Баранавічах увечары 10 кастрычніка і быў затрыманы разам з лектарам. Хлопца дапытвалі не па справе, схілялі да супрацоўніцтва, а калі ён адмовіўся - нават білі па галаве. Ноч ён правёў у ІЧУ, а раніцай быў дастаўлены ў суд. Яго абвінавачвалі ў "дробным хуліганстве" (арт. 17.11 КаАП), аднак, разгляд справы перанеслі на 13 кастрычніка. Тады суд адміністрацыйную справу спыніў "за адсутнасцю падзеі правапарушэння".

А між тым 12 кастрычніка ў доме, дзе Ілья Сянько пражывае, правялі ператрус супрацоўнікі ГУБАЗ, нібыта ў сувязі з падазрэннем хлопца ў распаўсюдзе і публічным дэманстраванні фашысцкай сімволікі.

"Мне было вельмі смешна ад такога абгрунтавання, таму што мае погляды прама процілеглыя фашызму. Вядома, супрацоўнікі нічога не знайшлі, але вырашылі забраць сістэмны блок камп'ютара, бо нібыта ён спрыяў такому распаўсюджванню. На мае словы пра тое, што кампутар не мой і аформлены на маю бабулю, не рэагавалі. Адначасна мяне пасыпалі брыткімі словамі з-за маёй знешнасці", - распавёў Ілля Сянько.

У выніку ператрусу ў маладога чалавека быў канфіскаваны жорсткі дыск, складзены пратакол аб канфіскацыі, аднак копію пратаколу яму ўручаць адмовіліся.

І вось праз месяц Іллю Сянько запрасілі ў Баранавіцкі ГАУС, каб ён забраў канфіскаваны жорсткі дыск, дзе ў той жа час участковы склаў на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.10, абвінаваціўшы ў прапагандзе і публічным дэманстраванні нацысцкай сімволікі.

«Грамадзянін Сянько І., знаходзячыся па месцы пражывання, з дапамогай персанальнага камп'ютара ў сацыяльнай сетцы "Укантакце", на сваёй старонцы пад імем "Ілля Краст" размясціў дзве фатаграфіі з выявай нацысцкай сімволікі, чым ажыццявіў публічнае дэманстраванне з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт, што было ўстаноўлена 12.20.2017 года ў 11.10», - запісана ў пратаколе участковым Русланам Юрэнем.

Хлопец паставіў подпіс, што з пратаколам не згодны, аднак, у бліжэйшы час чакае позвы ў суд.

«Вельмі крыўдна, бо на маёй старой старонцы "Укантакце" сапраўды былі размешчана некалькі фотаздымкаў з фашысцкай сімволікай, але ў высмейлівай форме! Аднак, да правядзення ператрусу, гэтыя фатаграфіі ўжо былі выдаленыя. Але ўсё гэта супрацоўнікаў міліцыі не збянтэжыла.

Гэту адміністрацыйную справу я звязваю са сваёй грамадзянскай пазіцыяй і актыўнасцю і лічу, што такім чынам міліцыя хоча мяне ачарніць», - кажа малады чалавек.

Нагадаем, расійскі гісторык, філосаф і даследчык анархізму Пётр Рабаў быў затрыманы ўвечары 10 кастрычніка. Ён збіраўся вярнуцца ў Расію, але на цягнік сесці не паспеў. Разам з ім быў затрыманы Ілья Сянько, які суправаджаў Пятра Рабава на цягнік. Гісторыка асудзілі на шэсць сутак арышту, а пасля выслалі з Беларусі з забаронай уезду на дзесяць гадоў.

Таксама 9 кастрычніка лекцыю Пятра Рабава брутальна сарвалі супрацоўнікі міліцыі ў Гродна. Тады лектара і ўдзельнікаў затрымалі і даставілі ў ГУУС, аднак бліжэй да ночы адпусцілі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства