viasna on patreon

Апошні падарунак ад сына. Сямʼя атрымала кампэнсацыю за жыцьцё Ігара Пцічкіна

2017 2017-12-01T12:19:06+0300 2017-12-01T12:20:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pcichkin-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Партрэт Ігара Пцічкіна. Фота Радыё Свабода

Партрэт Ігара Пцічкіна. Фота Радыё Свабода

Маці і сястра менчука Ігара Пцічкіна, які загінуў 4 гады таму ў сьледчым ізалятары, атрымалі грашовую кампэнсацыю за панесеныя маральныя і матэрыяльныя страты, паведамляе Радыё Свабода. 

Больш за год таму суд пастанавіў сплаціць Жаньне Пцічкінай 20 тысяч рублёў кампэнсацыі за панесеныя ёй маральныя пакуты і 6 тысяч рублёў — за матэрыяльныя страты.

Сястра Ігара Пцічкіна Ірына, якая таксама была прызнаная пацярпелай у справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна, паводле суду мелася атрымаць кампэнсацыю памерам 10 тысяч рублёў.

Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася плаціць

Але Міністэрства ўнутраных спраў, зь якога суд пастанавіў спагнаць грошы, ад выплаты адмовілася і падало скаргу. Абскарджваньне зацягнулася больш як на паўгода. Але ўрэшце сваякі Ігара Пцічкіна атрымалі кампэнсацыю памерам 36 тысяч рублёў.

Грошы сямʼя атрымала толькі ў кастрычніку. Паводле Жанны Пцічцкінай, дайшло да таго, што судовыя выканаўцы абвясьцілі пра пачатак працэдуры апісваньня маёмасьці МУС, пасьля чаго справа нарэшце зрушылася.

«Тады яны забегалі і напісалі паперу, каб за іх казна расплацілася. Гэтак і адбылося. Міністэрства фінансаў сплаціла нам грошы тэрмінова», — кажа Жанна Пцічкіна.

Маці Ігара Пцічкіна нагадала, што патрабавала ад суду 100 тысяч рублёў кампэнсацыі.

«36 дык 36. Грошы сына ўсё роўна ня вернуць. Помнік на ягонай магіле ўжо стаіць, дык набыла „Ладу“, каб было на чым да яго езьдзіць на могілкі. Вось такі апошні падарунак ад сына», — сказала маці загінулага вязьня «Валадаркі».

Суткі трымалі прывязаным да ложка, не давалі піць і не пускалі ў прыбіральню

У 2013 годзе на «Валадарцы» раптоўна памёр нібыта ад сардэчнай хваробы малады мянчук Ігар Пцічкін. Ён адбываў 3 месяцы арышту за паўторную язду на аўтамабілі без правоў.

Сваякі не пагадзіліся з заключэньнем афіцыйнай экспэртызы пра прычыны сьмерці вязьня, бо ўбачылі на ягоным целе сьляды катаваньняў і зьвярнуліся да праваабаронцаў і мэдый. Гісторыя атрымала вялікі розгалас, што прымусіла праваахоўнікаў завесьці справу аб сьмерці вязьня. Суд па справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна адбыўся ў 2016 годзе.

На судзе стала вядома, што Ігара Пцічкіна ахоўнікі прывязвалі да ложка, больш за суткі не давалі піць і хадзіць у прыбіральню. У выніку фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў быў асуджаны на 2 гады і 9 месяцаў абмежаваньня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у невыкананьні службовых абавязкаў.

Між тым на пытаньне, адкуль на целе Ігара Пцічкіна зьявіліся сьляды, якія сваякі лічаць прыкметамі катаваньняў, адказу дагэтуль няма. Жанна Пцічкіна, якая зьбірае дадатковыя дакумэнты, каб падаць скаргу ў пракуратуру

«Гэтага адказу яшчэ працягваю дамагацца. Зноў буду пісаць у пракуратуру, каб правялі новае расьсьледаваньне, а не абмежаваліся пакараньнем „стрэлачніка Крылова“. Каго толькі не рабілі з майго сына — і наркамана, і дылера, каб толькі схаваць сапраўдных забойцаў. Гэтак проста я справу не пакіну», — кажа Жанна Пцічкіна, якая зьбірае дадатковыя дакумэнты, каб падаць скаргу ў пракуратуру.

Жанна Пцічкіна мяркуе, што ўсім, хто сумняваецца ў прычынах трагічных выпадкаў са сваякамі, трэба не баяцца, а працягваць змагацца за сваё права ведаць праўду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства