viasna on patreon

Пракуратура накіравала справу аб збіцці Галіны Лагацкай на дадатковую праверку

2017 2017-12-08T16:27:37+0300 2017-12-08T18:17:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lagackaia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галіна Лагацкая. Фота Радыё Свабода.

Галіна Лагацкая. Фота Радыё Свабода.

Пракуратура ў другі раз адмяніла пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС г. Мінска па факце жорсткага і бесчалавечага абыходжання з актывісткай прафсаюза РЭП Галінай Лагацкай.

Яшчэ 1 марта жанчына прыйшла на сустрэчу да намесніка начальніка РУУС Маскоўскага раёна Мікалая Руцкага, аднак атрымала “цёплы прыём”: яе зневажалі, цягалі за валасы, нецэнзурна лаяліся. Яна атрымала пры гэтым цялесныя пашкоджанні, што было зафіксавана судмедэкспертамі, якія ўстанавілі наяўнасць на целе кровападцёкаў і гематом. 

Галіна Лагацкая звярнулася з заявай на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў РУУС М. Руцкага і Ю. Міхалёнка ў Маскоўскае раённае аддзяленне Следчага камітэту аб узбуджэнні крымінальнай справы. Аднак следчая В. Сакалова пастанавіла адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, паколькі не знайшла ў дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства.

Не пагадзіўшыся з такім рашэннем актывістка з дапамогай юрыстаў Праваабарончага цэнтра “Вясна” падала скаргі на імя начальніка Маскоўскага раённага аддзялення СК і ў Пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска.

Тады пракуратура Маскоўскага раёна вырашыла адмяніць пастанову Следчага камітэта і адправіць справу на дадатковую праверку. Аднак, і гэта не прынесла ніякіх зменаў: тая ж следчая ізноў адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС.

Больш за тое, на працягу пяці месяцаў начальнік Маскоўскага РАСК і пракурор Маскоўскага раёна не давалі Галіне Лагацкай азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Толькі пасля таго, як намеснік пракурора г. Мінска Д. Касцюкевіч накіраваў ліст да гэтых службовых асобаў пра недапушчальнасць парушэння патрабаванняў заканадаўства, жанчыне далі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па яе заяве.

Пасля гэтага Галіна Лагацкая накіравала чарговую скаргу ў Пракуратуру г. Мінска з выказанай нязгодай з рашэнне следчай В. Сакаловай, дзе адзначыла, што тая зрабіла заўчасную выснову аб адсутнасці ў дзеяннях М. Руцкага і Ю. Міхалёнка складу злачынства без высвятлення шэрагу абставінаў. Больш за тое, актывістка палічыла, што такая пастанова з’яўляецца незаконнай, паколькі ў аснову высноваў пакладзеныя асабістыя тлумачэнні супрацоўнікаў М. Руцкага і Ю. Міхалёнка, якія абвяргаюцца аб’ектыўнымі доказамі, а следчай не ўстаноўлена і не ацэнена матэрыяльная шкода, якая была нанесена жанчыне ў выніку жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з ёй.

Пракуратура Маскоўскага раёна, куды гарадская пракуратура перанакіравала зварот Галіны Лагацкай, разгледзела скаргу, прышла да высновы, што праверка зноў была праведзена няпоўна, і адмяніла пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС, а матэрыялы былі накіраваныя начальніку Маскоўскага РАСК для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства