viasna on patreon

Абмежаванне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў АБСЕ — велізарны рэгрэс для Хельсінкскага працэсу

2017 2017-12-13T10:19:19+0300 2017-12-13T13:48:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/csp_hamburg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Абмежаванне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў працы АБСЕ будзе вялізным крокам назад для Хельсінкскага працэсу, а таксама здрадай духу і асноўным каштоўнасцям гэтай унікальнай ініцыятывы па прасоўванні міру”, — гаворыцца ў звароце, распаўсюджаным Платформай грамадзянскай салідарнасці (CSP), якая аб’ядноўвае больш чым 90 праваабарончых НДА з усяго рэгіёну АБСЕ.

Зварот быў апублікаваны па выніках працы Паралельнай канферэнцыі грамадзяскай супольнасці АБСЕ, якая прайшла ў Вене 5-6 снежня. Мерапрыемства традыцыйна праводзіцца напярэдадні пасяджэння Савета міністраў АБСЕ. Зварот падпісалі больш за 50 НДА, у тым ліку Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

collage_2.png
Прадстаўнікі Платформы грамадзянскай салідарнасці. Калаж: civicsolidarity.org

“На працягу чатырох дзесяцігоддзяў арганізацыі грамадзянскай супольнасці адыгрывалі важную ролю ў кантролі, дакументаванні і справаздачнасці аб выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння, прынятых дзяржавамі-удзельнікамі ў рамках Канферэнцыі, а пазней Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Пры ўзаемадзеянні з АБСЕ НДА дапамаглі захаваць правы чалавека на парадку дня, мабілізаваць ўвагу да крызісаў ў галіне правоў чалавека і спланаваць дзеянні АБСЕ па актуальных пытаннях правоў чалавека. Цяпер улады некаторых краінаў прымаюць законы і рашэнні, якія абмяжоўваюць дзейнасць грамадзянскай супольнасці ў гэтых краінах, імкнуцца ўвесці новыя правілы і нормы па абмежаванні ўдзелу грамадзянскай супольнасці на ўзроўні АБСЕ. Гэтыя захады негатыўна і незваротна ўплываюць на давер да АБСЕ ў той час, калі ўдзельнікі грамадзянскай супольнасці сутыкаюцца з беспрэцэдэнтным ціскам па ўсім рэгіёне і, больш чым калі-небудзь, маюць патрэбу ў форумах АБСЕ, каб іх голас быў пачуты”, — гаворыцца ў звароце.

CSP падкрэслівае “ўсё большую тэндэнцыю скарачэння і нават закрыцця прасторы для грамадзянскай супольнасці ў многіх краінах рэгіёну АБСЕ”, дзе ўлады спасылаюцца на “пытанні бяспекі, каб апраўдаць доўгатэрміновыя абмежаванні дзейнасці грамадзянскай супольнасці і расправіцца з НДА, якія працуюць па “ўразлівых пытаннях”, у прыватнасці, у галіне правоў чалавека”.

“Сярод іншага, улады адмаўляюць ім у рэгістрацыі і прымушаюць НДА спыніць сваю дзейнасць, называючы іх “замежнымі агентамі”, і пераследуюць іх лідараў, выкарыстоўваючы шырокую трактоўку паняцця экстрэмізму і законы аб тэрарызме, якія не адпавядаюць асноватворным прынцыпам законнасці і могуць быць ужытыя да дзеянняў, якія не маюць нічога агульнага з гвалтам. У прыватнасці, ахвярамі пераследу становяцца праваабарончыя НДА і праваабаронцы, якія працуюць у галіне заахвочвання правоў жанчын, правоў меншасцяў і ўразлівых суполак”, — дадае праваабарончая кааліцыя.

Тыя ж самыя негатыўныя тэндэнцыі згадваюцца ў рэкамендацыях Платформы грамадзянскай салідарнасці да ўдзельнікаў нарады Савета міністраў АБСЕ. Рэкамендацыі ўяўляюць сабой набор “выніковых дакументаў”, якія ахопліваюць ключавыя пытанні, што выклікаюць заклапочанасць у рэгіёне АБСЕ.

“Гэтыя вельмі трывожныя тэндэнцыі захоўваліся на працягу ўсяго 2017 года, у прыватнасці ў такіх краінах, як Азербайджан, і ў Цэнтральнай Азіі, зазналі далейшую эскалацыю ў Расіі і Турцыі, а таксама распаўсюдзіліся на новыя краіны, дзе да нядаўняга часу грамадзянская супольнасць была ў стане працаваць без умяшання дзяржавы. У прыватнасці, прастора для грамадзянскай супольнасці прыкметна скарацілася ў Польшчы, Венгрыі, Украіне, Італіі і ЗША”, — адзначаецца ў дакуменце.

Кажучы пра канкрэтныя выпадкі пераследу праваабаронцаў у постсавецкім рэгіёне, CSP згадавае трывожныя навіны, якія паступаюць з Азербайджана, дзе ў апошнія месяцы мела месца новая хваля арыштаў крытыкаў уладаў.

Валянціна Чэрэваценка, старшыня арганізацыі “Жанчыны Дона” (Расія). Фота: svoboda.org
Валянціна Чэрэваценка, старшыня арганізацыі “Жанчыны Дона” (Расія). Фота: svoboda.org

Валянціна Чэрэваценка, старшыня сяброўскай арганізацыі CSP “Жанчыны Дона”, стала першым лідарам НДА ў Расіі, якую прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за невыкананне сумнавядомага закона аб “замежных агентах”.

Крытыкі незаконнага далучэння Крыма да Расіі таксама падвяргаюцца пераследу. Сярод іх журналісты і лідары татарскай меншасці.

Ва Украіне ахвярамі запалохвання і пераследу з’яўляюцца актывісты, якія змагаюцца з карупцыяй, абаронцы экалагічных і зямельных правоў, правоў ЛГБТ або актывісты, якія працуюць у зоне канфлікту на Данбасе.

У Казахстане нядаўна былі распачатыя крымінальныя справы супраць шэрагу праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, прафсаюзных лідараў, журналістаў, карыстальнікаў сацыяльных сетак і іншых крытыкаў уладаў.

У Туркменістане праваабаронцы зафіксавалі больш за 100 выпадкаў гвалтоўных знікненняў у турме асобаў, асуджаных у выніку несправядлівых і палітычна матываваных судовых працэсаў. Агульная колькасць такіх выпадкаў, верагодна, значна вышэйшая.

Ва Узбекістане, па стане на сярэдзіну лістапада 2017 года, былі вызваленыя прынамсі дзесяць праваабаронцаў, журналістаў і крытыкаў уладаў, пасля таго, як ў верасні 2016 года да ўлады прыйшоў Шаўкат Мірзіяеў. Тым не менш, многія па-ранейшаму застаюцца за кратамі.

Падобныя выпадкі таксама былі зарэгістраваныя ў Таджыкістане, дзе два адвакаты атрымалі турэмнае зняволенне на тэрмін больш за 20 гадоў, і ў Кыргызстане, дзе пажыццёвае зняволенне правабаронцы Азімжана Аскарава было пакінута ў сіле у выніку паўторнага разгляду яго справы судом.

Азімжан Аскараў, кыргызскі праваабаронца ўзьбекскага паходжаньня, асуджаны на пажыццёвае зняволенне
Азімжан Аскараў, кыргызскі праваабаронца ўзбекскага паходжання, асуджаны на пажыццёвае зняволенне

Раздзел, прысвечаны Беларусі, згадвае выпадак лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, існаванне двух палітычных зняволеных Дзмітрыя Паліенкі і Міхаіла Жамчужнага, а таксама пераслед “адвакатаў, якія працуюць па палітычных справах і справах, звязаных з правамі чалавека”, у тым ліку пазбаўленне ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахціной.

Платформа грамадзянскай салідарнасці таксама выказвае заклапочанасць у сувязі з адсутнасцю доступу да правасуддзя для ахвяраў гвалтоўных знікненняў і іх сем'яў.

disappearance_sandberg.jpg
“Знікненне”. Аўтар: Андэрс Сандберг, https://flic.kr/p/2qviCU

“У 1999-2000 гг. у Беларусі мелі месца чатыры гучныя справы знікнення і меркаванага забойства палітычных праціўнікаў ўрада. Афіцыйнае расследаванне было неэфектыўным — яму не ўдалося ўсталяваць абставіны злачынства і выявіць вінаватых. Гэтыя выпадкі былі ў цэнтры ўвагі спецыяльнага дакладу Камітэта ПАСЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ў 2004 годзе, а таксама дакладу Маскоўскага механізму АБСЕ па Беларусі ў 2011 годзе. Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў індывідуальныя скаргі сваякоў зніклых і прыйшоў да высновы, што Беларусь павінна правесці поўнае, аб'ектыўнае і дбайнае расследаванне, прыцягнуць вінаватых да адказнасці, выплаціць кампенсацыю сваякам і апублікаваць вынікі. Тым не менш, урад адказаў, што ён не прызнае кампетэнцыю Камітэта па разглядзе індывідуальных скаргаў і не зрабіў аніякіх захадаў”, — нагадвае Платформа.

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, які браў удзел у працы Паралельнай канферэнцыі грамадзяскай супольнасці, гаворыць, што рэкамендацыі былі перададзеныя многім дэлегацыям краінаў АБСЕ і, самае галоўнае, дэлегацыі Італіі, якая будзе старшынстваваць у АБСЕ у наступным 2018 годзе.

Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

“Сітуацыя з правамі чалавека ў зоне АБСЕ за апошні час значна пагоршылася”, — канстатуе Алесь Бяляцкі. “І ў Беларусі яна не палепшылася. Але агульныя тэндэнцыі ў рэгіёне краінаў АБСЕ прыносяць больш трывогі, чым аптымізму. Тым не менш, мы будзем працягваць уплываць на беларускія ўлады праз міжнародныя механізмы з тым, каб яны выконвалі міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека, дабраахвотна ўзятыя на сябе. Нам трэба раўняцца на лепшыя практыкі, а не браць прыклад з усходніх сатрапіяў”, — перакананы праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства