viasna on patreon

FIDH: Улады РФ павінны неадкладна вызваліць праваабаронцу Аюба Ціціева

2018 2018-01-12T10:17:00+0300 2018-01-12T13:50:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidh_logo_new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Чачні паліцыяй па фальсіфікаванай справе аб захоўванні наркотыкаў адвольна затрыманы кіраўнік грозненскага прадстаўніцтва расійскага праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў. Улады павінны неадкладна вызваліць яго, зняць з яго ўсе абвінавачанні і спыніць ствараць перашкоды працы праваабаронцаў у Чачэнскай Рэспубліцы. Пра гэта 11 студзеня заявілі Хьюман Райтс Вотч, Amnesty International, Front Line Defenders, FIDH і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў у рамках сумеснага праекту «Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў», а таксама Нарвежскі Хельсінкскі камітэт і Міжнароднае партнёрства за правы чалавека.

«Арышт Ціціева недвухсэнсоўна сігналізуе аб тым, што чачэнскія ўлады спрабуюць выціснуць 'Мемарыял' з рэспублікі, дэманструючы поўнае грэбаванне лёсамі тых людзей, якія маюць патрэбу ў абароне ад парушэнняў. Ціціеў не павінен заставацца за кратамі, дзе яго жыццё і здароўе падвяргаецца зусім відавочнай рызыцы».

Х'ю Уільямсан, дырэктар Хьюман Райтс Вотч па Еўропе і Цэнтральнай Азіі

60-гадовы Ціціеў быў затрыманы раніцай 9 студзеня 2018 г. недалёка ад в. Курчалой (30 - 40 км ад Грознага). Яго знаёмы паведаміў у «Мемарыял», што каля 10:30 бачыў, як ён стаяў каля машыны на дарозе побач з мостам праз раку Хумык ў асяроддзі пяці або шасці супрацоўнікаў паліцыі. Пазней машыну Ціціева ён бачыў у двары Курчалоеўскага РАУС.

Туды ж у раёне абеду прыехаў адпраўлены «Мемарыялам» адвакат, аднак яго не прапусцілі, заявіўшы, што Ціціева ў райаддзеле няма. Толькі бліжэй да вечара намеснік міністра МУС ЧР пацвердзіў Упаўнаважанаму па правах чалавека ў РФ Таццяне Маскальковай па яе запыце, што Аюб Ціціев змяшчаецца ў Курчалоеўскім РАУС па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Пасля гэтага да затрыманага прапусцілі адваката.

Па расейскаму заканадаўству гранічны тэрмін затрымання падазраванага да складання пратаколу складае тры гадзіны, аднак затрыманы мае права на доступ да адваката з моманту фактычнага затрымання. Ціціев не меў доступу да адваката на працягу больш за сем гадзін, а ў афіцыйным пратаколе час затрымання паказаны як 20:10 - гэта значыць прыкладна на дзесяць гадзін пазней фактычнага затрымання.

«Затрымаўшыя Ціціева ўлады на працягу сямі гадзін адмаўляліся даваць якую-небудзь інфармацыю пра яго лёс і месцазнаходжанне. Гэта з'яўляецца парушэннем міжнародных стандартаў справядлівага судовага разбору і выклікае сур'ёзныя апасенні, што магло рыхтавацца яго гвалтоўнае знікненне».

Эндру Андэрсан, дырэктар Frontline Defenders

«Паводле міжнародных нормаў аб правах чалавека Расія абавязаная неадкладна рэгістраваць і афіцыйна прызнаваць ўсе выпадкі затрымання і забяспечваць затрыманым доступ да адваката, што з'яўляецца фундаментальнай гарантыяй абароны ад недазволенага абыходжання і гвалтоўнага знікнення».

Дзяніс Крывашэеў, кіраўнік рэгіянальнага офіса «Міжнароднай амністыі» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі

У паліцыі адвакату было сказана, што ў Ціціева ў машыне знайшлі 180 г рэчыва, падобнага на марыхуану, і па гэтым факце распачата справа. Сам Ціціеў гэта адмаўляе і настойвае на тым, што наркотыкі яму падкінулі паліцыянты. У выпадку абвінаваўчага прысуду яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Як заявіў прэсе Старшыня Савета па правах чалавека пры Прэзідэнце РФ Міхаіл Фядотаў, ён не выключае, што справа можа быць сфабрыкаванай і лічыць, што следчыя органы павінны заняцца праверкай гэтай версіі.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікалі федэральны цэнтр забяспечыць неадкладнае вызваленне Ціціева, гарантаваць бяспеку яму асабіста, а ўсім праваабаронцам - магчымасць бяспечна працаваць у Чачні. З выказваннем занепакоенасці сітуацыяй з Ціціевым выступіў камісар Савета Еўропы па правах чалавека Нілс Муйжніекс, які адзначыў «сумніўнасць і непраўдападобнасці абвінавачванняў» і таксама заклікаў расейскія ўлады забяспечыць неадкладнае вызваленне праваабаронцы.

Міжнародныя партнёры Расіі павінны ўзяць прыклад Муйжніекса і публічна выказаць пратэст супраць чарговай спробы прымусіць «Мемарыял» да маўчання, а таксама настойліва заклікаць федэральны цэнтр забяспечыць неадкладнае вызваленне Ціціева і гарантаваць яму бяспеку.

«Фабрыкацыі спраў аб наркотыках і падкідванне доказаў - гэта звычайны прыём чачэнскіх уладаў, калі яны хочуць расправіцца з крытыкамі».

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў у рамках сумеснага праекту «Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў»

Улетку 2014 года суд у Урус-Мартане прысудзіў прэзідэнта «Асамблеі народаў Каўказа» Руслана Кутаева да чатырох гадоў калоніі па сфабрыкаванай палітычна матываванай справе пра наркотыкі. У лютым 2014 га на канферэнцыі «Дэпартацыя чачэнскага народа», якая была прысвечана 70-й гадавіне сталінскай дэпартацыі чачэнцаў і інгушоў, Кутаеў публічна раскрытыкаваў пазіцыю кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава аб забароне ў рэспубліцы мемарыяльных мерапрыемстваў 23 лютага 2014 г. У снежні 2017 г. Кутаеў вызваліўся па УДВ. У 2016 г. у Чачні па аналагічнай справе да трох гадоў пазбаўлення волі быў прыгавораны журналіст Жалаудзі Герыеў, які пісаў для расійскага медыяпартала «Каўказскі вузел», вядомага сваёй крытычнай пазіцыяй у адносінах да палітыкі кіраўніцтва Чачэнскай Рэспублікі.

Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" займаецца правамі чалавека ў Чачні больш за 25 гадоў. Ён шырока асвятляў парушэнні з боку федэральных сілаў у перыяд абедзвюх чачэнскіх войнаў, а затым парушэнні з боку рэспубліканскіх уладаў, якія здзяйсняюцца з маўклівага адабрэння федэральнага цэнтра. За апошнія 10 гадоў, калі на чале Чачні знаходзіцца Рамзан Кадыраў, «Мемарыял» не раз выступаў з гучнымі выкрыццямі незаконных практык мясцовых сілавікоў, такіх як калектыўнае пакаранне, гвалтоўныя знікненні, катаванні і іншае недазволенае абыходжанне, карныя падпалы дамоў і пазасудовыя пакаранні смерцю. Праваабаронцы з «Мемарыялу» характарызавалі ў сваіх дакладах сучасную Чачэнію як татальны анклаў унутры Расеі, адзначаючы асабістае ўмяшанне Кадырава практычна ва ўсе сферы жыцця грамадства, уключаючы палітыку, рэлігію, навуковыя дыскусіі і справы сям'і.

Аюб Ціціеў узначаліў працу «Мемарыялу» ў Чачні ў 2009 г. - пасля выкрадання і забойства яго калегі Наталлі Эстэміравай. Арышту Ціціева папярэднічала шматгадовая кампанія рэспубліканскіх уладаў па дыскрэдытацыі і запалохванню «Мемарыялу» і іншых праваабарончых груп. Рамзан Кадыраў і іншыя кіраўнікі рэспублікі пастаянна таўруюць праваабаронцаў як «марыянетак» Захаду і «ворагаў Расіі», якія спрабуюць расхістаць сітуацыю ў Чачні. Некаторыя актывісты падвяргаліся ўціскам і нападам з боку мясцовых сілавікоў або неўстаноўленых асоб, накіраваных ўладамі.

Апошні раз хваля негатыву ў адрас праваабаронцаў з боку Грознага падымалася зусім нядаўна ў снежні 2017 г.: пасля ўнясення кіраўніка рэспублікі ў амерыканскі санкцыйных спіс па «закону Магніцкага» і блакаванні яго Istagram-акаўнта спікер парламента Чачні і правая рука Кадырава Магамед Даўд абвінаваціў праваабаронцаў у тым, што яны «рэгулярна бегаюць да гаспадара 'за акіян' і льюць патокі хлусні». «Я не здзіўлюся, калі высветліцца, што яны замешчаныя і ў іншых падрыўных справах, накіраваных на паслабленне нашай дзяржавы. ... Думаю, што нашых ворагаў, тых, каму не падабаецца моцная Расія, пара адправіць да сваіх гаспадароў 'за бугор' ці аддзяліць ад здаровага грамадства. Калі б у Расеі не дзейнічаў мараторый [на смяротнае пакаранне], то з ворагамі народа варта было б 'Салам Алейкум' [-] і ўсё",- заявіў Даўда.

«Сам факт, што чачэнскія ўлады так груба фабрыкуюць супраць Ціціева справу пра наркотыкі, наўрад ці можа выклікаць здзіўленне з улікам таго, наколькі разлютавана і паслядоўна яны пераследуюць людзей, якія адважваюцца заяўляць аб парушэннях у Чачні правоў чалавека. Пытанне ў тым, як паступіць федэральны цэнтр і ці гатовыя міжнародныя партнёры Масквы са свайго боку зрабіць усё магчымае, каб дамагчыся ад яе належнай рэакцыі?»

Б'ёрн Энгесланд, Генеральны сакратар Нарвежскага Хельсінкскага камітэта

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства