Запрашаем на прэзентацыю гадавой справаздачы па маніторынгу месцаў несвабоды ў Беларусі
18 студзеня ПЦ “Вясна” прадставіць вынікі маніторынгу месцаў несвабоды ў Беларусі за 2017 год. Запрашаем прадстаўнікоў медыя, калег-праваабаронцаў і ўсіх, хто цікавіцца гэтай тэмай, на прэзентацыю.
Прэзентацыя справаздачы “Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды” будзе праходзіць на пляцоўцы Прэс-клуба па адрасе: г. Мінск, вул. Веры Харужай, З – 601. Пачатак у 13:30.
Удзельнікі прэзентацыі:
Павел Сапелка, праваабаронца “Вясны”, эксперт у пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы, які з’яўляецца аўтарам справаздачы;
Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта, сябра Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі, якая ажыццяўляе грамадскі кантроль за выкананнем правоў асуджаных;
Сяргей Усцінаў, прадстаўнік ініцыятывы “Праваабаронцы супраць катаванняў”.
Таксама да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаныя асобы, якія падвяргаліся адміністратыўным арыштам падчас падзеяў вясны-2017, і сваякі асуджаных, якія адбываюць пакаранні ў месцах пазбаўлення волі.
Справаздача “Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды (2017)” – пятая справаздача, падрыхтаваная Праваабарончым цэнтрам “Вясна” ў межах маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянаў у Беларусі. У адрозненні ад папярэдніх, у якіх рабіліся тэматычныя акцэнты, новая публікацыя з’яўляецца своеасаблівым абагульненнем раней узнятых пытанняў, падмацаваным новай інфармацыяй, якую праваабаронцы цягам году збіралі з розных крыніцаў, а таксама ў непасрэдных кантактах з асобамі, якія ўтрымліваліся ў месцах несвабоды, іх сваякамі.
Прадстаўляючы чарговую маніторынгавую справаздачу, яе аўтар канстатуе, што за апошні час у грамадстве ўзрасла цікавасць да праблемаў пенітэнцыярнай сістэмы. І хоць рана казаць пра нейкія станоўчыя змены ўнутры сістэмы, але, дзякуючы таму, што гэтыя праблемы ўвесь час знаходзяцца ў фокусе ўвагі грамадскасці, сітуацыя не скатваецца ў горшы бок і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС у такой сітуацыі павінен прадпрымаць намаганні для яе паляпшэння.