Генадзь Фядыніч: Ідзе грубае і непрыкрытае ўмяшальніцтва ва ўнутранныя справы РЭПа Дакумент
Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” сітуацыю з масавымі допытамі сябраў арганізацыі Следчым камітэтам, якія адбываюцца апошнім часам.
23 студзеня прафсаюз РЭП выступіў з адпаведнай заявай, якую накіраваў не только ў Генеральную пракуратуру Беларусі, але і ў Міжнародную арганізацыю працы (МАТ), Міжнародныя прафсаюзныя аб’яднанні і ўсім зацікаўленым.
“У апошні час па просьбе Следчага камітэта Мінску масава пачалі выклікаць сябраў прафсаюза і актывістаў у следчыя камітэты абласных і раённых цэнтраў. Па нашых падліках на дадзены момант было выклікана больш за 90 чалавек.
Мы лічым, што гэты ціск у першую чаргу на сябраў арганізацыі для таго, каб дыскрэдытаваць працу прафсаюза і яго кіраўніцтва, і каб у выніку прафсаюз збавіў абароты ў сваёй актыўнасці па абароне сваіх сябраў”, - адзначае Генадзь Фядыніч.
Ён мяркуе, што такога ў навейшай гісторыі Беларусі яшчэ не было: каб столькі людзей было апытана следчымі, якія зусім не маюць дачынення да сфабрыкаванай крымінальнай справы, распачатай супраць яго і Ігара Комліка.
“Я спадзяюся, што мы разам з міжнароднымі прафсаюзнымі арганізацыямі выпрацуем цэлы шэраг канкрэтных мерапрыемстваў, якія дазволяць нам устанавіць законнасць і спыніць гэтую крымінальную справу.
Варта адзначыць, што зараз ідзе такое грубае і непрыкрытае ўмяшальніцтва ва ўнутранныя справы прафсаюза: следчы камітэт тыдні тры назад запрасіў у нас поўныя спісы чальцоў – з самага пачатку дзейнасці да цяперашняга часу – з усімі выходнымі даннымі: тэлефонамі, месцамі працы і пражывання людзей. Безумоўна, мы сказалі, што на такі запыт мы не можам даць адказ, бо гэта ўнутраная інфармацыя прафсаюза і ў нас ёсць цэлы шэраг падставаў, каб не даваць такую інфармацыю”, – падкрэслівае старшыня прафсаюза РЭП.
Аднак, на думку Генадзя Фядыніча такія дадзеныя маглі быць узятыя з тых камп’ютараў, якія былі канфіскаваныя ў іх падчас вобшукаў 2 жніўня мінулага года і дагэтуль не вернутыя.
“Ці ўлада не разумее, што парушэнне правоў чалавека, правоў прафсаюзаў – гэта не тое, на што сёння можна заплюшчыць вочы?
Міжнародныя арганізацыі безумоўна адрэагуюць на гэта, якім менавіта чынам – пабачым у вельмі хуткім часе. Але я лічу, што крымінальная справа супраць прафсаюзу РЭП не дасць магчымасці павялічыць тыя інвестыцыі, якія чакае ўрад, і тыя праекты, якія вельмі неабходныя для эканомікі Беларусі.
І адказнасць за гэта будуць несці і ўлада, і тыя людзі, якія зараз вядуць гэтую крымінальную справу”, - адзначыў ён.
Нагадаем, раніцай 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.
Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу – “ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”.
Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.