Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека ў Беларусі.
Анонс выпуска:
“Час выбараў”: Завяршыўся этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты на выбары ў мясцовыя Саветы. Cамая абуральная адметнасць гэтага этапа – адмова ў рэгістрацыі вялікай колькасці прэтэндэнтаў ад апазіцыі. Аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч лічыць гэты крок уладаў лагічным працягам захадаў па забеспячэнні прызначанай Цэнтрвыбаркамам яўкі на будучых выбарах.
“Падзея”: У мінулы чацвер у Мінску прайшла прэзентацыя маніторынгу месцаў несвабоды, зробленага Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Аўтар маніторынгу, юрыст арганізацыі Павел Сапелка агучыў апошнія лічбы па колькасці асобаў, што знаходзяцца ў няволі, а таксама распавёў пра асноўныя праблемы пенітэнцыярнай сістэмы, якія вырашаюцца вельмі марудна, альбо не вырашаюцца зусім.
“Каментар эксперта”: Беларуская асацыяцыя журналістаў прадставіла вынікі аналізу сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі ў 2017 годзе. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і юрыст арганізацыі Алег Агееў адзначылі, што адной з ансоўных праблем для журналісцкай супольнасці ў мінулым годзе стала ўзмацненне ціску на журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі.
У музычных паўзах – кампазіцыі ў выкананні гурта DZIECIUKI.