viasna on patreon

Праваабаронцы расцэньваюць блакіроўку “Хартыі'97” як далейшы наступ на свабоду слова ў Беларусі

2018 2018-01-26T12:47:00+0300 2018-01-26T13:34:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/charter-blok2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства інфармацыі назвала прычыны блакіроўкі сайта “Хартыя'97”.  Інфармацыйны рэсурс абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыі, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, у парушэнні Закона аб масавых мерапрыемствах, а таксама ў распаўсюдзе матэрыялаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі.  Падставай для блакіроўкі сайта стаў артыкул 38 Закона “Аб СМІ”, які неаднаразова крытыкаваўся праваабаронцамі як закон дыскрымінацыйны і недэмакратычны.  Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць прэтэнзіі міністэрства інфармацыі да сайту “Хартыя'97” беспадстаўнымі і абуральнымі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” ўстрывожаны тым, што апошнім часам адбываецца ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Праваабаронцы лічаць,  што блакіроўка сайта “Хартыя'97” з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем права на свабоду выказвання. Гэта грубае парушэнне міжнародных абавязальніцтваў ў галіне свабоды слова і ўвогуле – правоў чалавека, якія дапускаюць беларускія ўлады.

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначае, што сайт “Хартыя'97” вызначаецца высокай дэмакратычнай і патрыятычнай пазіцыяй. У той жа час Мінінфармацыі ніякім чынам не абмяжоўвае тыя  антыбеларускія інфармацыйныя рэсурсы, якія сапраўды пагражаюць нацыянальнай бяспецы, фактычна з’яўляюцца інфармацыйнай зброяй і размешчаныя пераважна ў Расіі.

Алесь Бяляцкі“Інфармацыйная палітыка сайта “Хартыі”  вызначаная ад  пачатку заснавання рэсурсу і апошнія захады ўладаў па яго блакіроўцы – даволі небяспечны сігнал. “Хартыя97” заўсёды займала бескампрамісную пазіцыю, яны мелі свой погляд на грамадска-палітычныя падзеі, на развіццё Беларусі, што часам выклікала вялікія дыскусіі. Такая пазіцыя, безумоўна, мае права на існаванне.  Калі беларускай грамадства хоча атрымліваць рознабаковую плюралістычную інфармацыю, мы павінны даражыць правам на свабоду выказвання меркаванняў. Мы ўсе розныя людзі, і ў грамадстве павінны гучаць самыя разнастайныя думкі”, - адзначае праваабаронца. - Скажу, што сайт Хартыі, як ніякі з іншых дэмакратычных інфармацыйных рэсурсаў, за час свайго існавання шмат цярпеў ад беларускіх уладаў: гэта вобшукі і канфіскацыя абсталявання і маёмасці пад час падзеяў 2010 года, збіццё, зняволенне і крымінальны пераслед галоўнага рэдактара і журналістаў, якія працавалі на сайт, аж да выціскання рэсурса за мяжу. Але нягледзячы на гэта сайт здолеў захаваць сваю актыўнасць. Як і раней, аўтарытарныя ўлады ўспрымаюць Хартыю як патэнцыйна небяспечны для сістэмы рэсурс.

Калі я знаходзіўся ў калоніі, з 2011 па 2014 год, было прыемна, што першыя навіны, якія я даведваўся пра нешта важнае, што  адбываецца на волі, мне якраз пераказвалі кантралёры, спасылаючыся менавіта на “Хартыю”. І гэта сведчыць пра яго вялікую папулярнасць сярод розных слаёў беларускага грамадства”.

Змаганне з незалежнымі СМІ – небяспечны сігнал, звязаны з няўпэўненасцю ўладаў у правільнасці сваёй эканамічнай і палітычнай пазіцыі. Замест таго, каб рэагаваць на абгрунтаваныя крытычныя заўвагі і праводзіць змены па дэмакратызацыі ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, наладжваць дыялог з грамадзянскай супольнасцю, улады па-ранейшаму выкарыстоўваюць гвалтоўныя метады затыкання ратоў незалежным журналістам і СМІ.

"Мы памятаем, што некалькі гадоў таму былі спробы абмежавання распаўсюду інфармацыі з сайта Хартыі”, “Белпартызана” і некаторых іншых, якія былі ўключаныя ўладамі  ў спіс абмежавальнага доступу. І вось ізноў, пасля зняцця санкцыяў, калі стасункі з Захадам сталі паляпшацца і на міжнародным узроўні беларускія ўлады сталі адчуваць сябе упэўненай, яны пачалі актыўны наступ на свабоду слова ў краіне, мабыць спадзеючыся, што рэакцыя міжнароднай супольнасьці на такія непапулярныя дзеянні будзе мінімальнай і неістотнай” - нагадвае Бяляцкі.

Праваабаронцы, рыхтуючы Агляд па правах чалавека за 2017 год  адзначалі, што сітуацыя з пераследам незалежных журналістаў у Беларусі рэзка пагоршылася. Пераслед “Хартыі” бачыцца трывожным натуральным працягам гэтага працэсу. Беларуская асацыяцыя журналістаў за 2017-ы год прыводзіць амаль 200 выпадкаў пераследу незалежных журналістаў, звязаных з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці.  Рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў перакінуліся ў 2018-м годзе і на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы.

 “Інфармацыйная прастора ў Беларусі моцна абрэзаная, і знаходзіцца пад моцным кантролем з боку дзяржавы. У Беларусі няма ніводнага незалежнага тэлеканала, ніводнага незалежнага радыёканала. І вось дзяржаўная цэнзура і ўціск  дайшлі да дэмакратычнага слова у інтэрнэт-прасторы Гэта ненармальная сітуацыя. Мы абараняем права беларускіх грамадзянаў на свабоду слова, права на распаўсюд меркаванняў і думак. Мы звяртаемся да беларускіх уладаў і асабіста да міністра інфармацыі з патрабаваннем спыніць пераслед незалежнага слова. Мы будзем звяртацца як да беларускага грамадства, гзтак і да міжнароднай супольнасці аказваць ціск на беларускія ўлады.  У сённяшнім свеце беларусы маюць права на атрыманне аб’ектыўнай і рознабаковай інфармацыі”, - падкрэслівае Алесь Бяляцкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства