viasna on patreon

Кругі пекла: пасля судоў і штрафаў актывістаў “прэсуюць” судовыя выканаўцы

2018 2018-02-01T13:43:28+0300 2018-02-02T10:43:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovyja-vykanaucy-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовыя выканаўцы. Фота: kp.by

Судовыя выканаўцы. Фота: kp.by

У апошні час да праваабаронцаў трапляе інфармацыя аб тым, што многія актывісты апазіцыйных партый і рухаў, якія зведалі адміністратыўны пераслед і атрымалі штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту, скардзяцца на дзеянні супрацоўнікаў упраўленняў прымусовага выканання - судовых выканаўцаў.

Пасля вынясення пастаноў аб адміністратыўным пакаранні ў выглядзе штрафу, не чакаючы нават падцверджання аб аплаце, выканаўцы літаральна тэрарызуюць грамадзян, пры гэтым адлучаюць іх ад паслуг мабільнай сувязі, накладваюць абмежаванні на валоданне нерухомасцю і іншай маёмасцю, на кіраванне аўтатранспартам.

Схема тут простая: пасля ўступлення пастановы аб накладанні штрафу ў законную сілу, штраф добраахвотна павінен быць аплочаны ў трыццацідзённы тэрмін.  Аднак калі аштрафаваны абскардзіў пастанову раённага суда ў вышэйстаячы суд, пастанова не ўступае ў сілу да новага рашэння.  Пасля аплаты штрафу даўжнік абавязаны прадставіць суду квітанцыю аб аплаце штрафу. І вось тут здараюцца выпадкі, калі ў судах, адпраўленыя па пошце квітанцыі, “губляюцца”, а чалавека чакае пастанова аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці. Папросту, на сцэне з’яўляецца судовы выканаўца, які апісвае маёмасць, нерухомасць, ці яшчэ што. Пакуль знойдуцца паперы, ці грамадзянін нейкім чынам зможа даказаць факт аплаты штрафу – прадпісанні судовых выканаўцаў пачынаюць дзейнічаць, псаваць нервы і жыццё чалавеку, пазбаўляць яго элементарнай магчымасці карыстацца тэлефоннай сувяззю.

І толькі тады, калі даўжнік пісьмова ўведаміць судовага выканаўцу аб выкананні патрабаванняў выканаўчага дакумента, з прыкладаннем дакументаў, які падцвярджаюць аплату, выканаўцы спыняюць вытворчасць, ды і то не адразу, а праз нейкі час. Як гэта дзейнічае насамрэч – у кароткіх гісторыях некалькіх актывістаў.

Алесь Макаў: Я паказаў выканаўцам копію квітанцыі аб аплаце штрафу, а яны наклалі арышт на кватэру

Актывіст руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 8 верасня, прымеркаванай да Дня беларускай вайсковай славы судом Савецкага раёна 4 кастрычніка быў аштрафаваны на суму 690 рублёў. 18 снежня аддзел прымусовага выканання Савецкага раёна Мінска вынес пастанову аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці аб спагнанні з Аляксандра Макава на карысць фінаадзела адміністрацыі Савецкага раёна пазначанай сумы. На кватэру да актывіста завіталі судовыя выканаўцы, якім Макаў паказаў копію квітанцыі аб аплаце штрафу. Аднак праз 10 дзён, 28 снежня, паводле прадпісання аддзела прымусовага выканання Савецкага раёна на кватэру Макава быў накладзены арышт. Гэтай праблемы магло б ня быць, каб не ўзнікала непаразумення з аплатаю. Напрыклад, у канкрэтным выпадку, выканаўчая вытворчасць была спыненая толькі 9 студзеня 2018 года, хаця копія плацёжнага дакумента была датаваная 26 снежнем мінулага года.

Леанід Кулакоў: Участковы пагражае даставіць мяне да судовага выканаўцы, хаця штраф быў аплочаны яшчэ ў кастрычніку

Леанід Кулакоў

Як паведамлялася раней, пасля вяртання з лякарні актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова чакала прадпісанне, выдадзенае судовым выканаўцам А. Касцюк 8 студзеня 2018 года аператарам «МТС» і “Вэлком”, згодна з якім спыненыя абавязацельствы па аказанні паслуг электрасувязі актывісту. Апрача гэтага, у чарговы раз была накладзеная забарона на адчужэнне (арышт) на аўтамабіль, а самога даўжніка прадпісана "падвергнуць" прымусоваму прываду.

“Самае дзіўнае ў гэтай гісторыі, - кажа Кулакоў, -- што штраф я аплаціў своечасова, 19 кастрычніка, а дакумент аб аплаце адправіў поштай на адрас канцылярыі суда Першамайскага раёна Мінска, дзе квітанцыю дагэтуль не могуць адшукаць. Гэта поўны бардак!”

Каб нейкім чынам спыніць гэтае чынавенскае бязмежжа Леанід Кулакоў накіраваў скаргу на адрас начальніка ўпраўлення прымусовага выканання упраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама, у якой просіць правесці праверку па агучаных фактах і прыцягнуць вінаватых асоб да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці за незаконнае парушэнне права ўласнасці на аўтамабіль і забарону на карыстанне паслугамі электрасувязі.

Вольга Нікалайчык: Раптам зрабілася блага, але хуткую дапамогу я выклікаць не магла
Вольга Нікалайчык

У падобнай сітуацыі апынулася і кінарэжысёр Вольга Нікалайчык, калі вярнулася дамоў у Мінск з працяглай паездкі ва Украіну. Высветлілася, што пад час яе адсутнасці судовыя выканаўцы вынеслі прадпісанне аб забароне аператарам сувязі МТС і Velcom аказваць паслугі мабільнай сувязі і тэлефанаванні ёй былі заблакаваныя. Вольга Нікалайчык яшчэ восенню выплаціла ўсе запазычанасці па штрафах і не можа зразумець логіку дзеянняў судовых выканаўцаў, акрамя як назваўшы яе ціскам уладаў.

29 студзеня Нікалайчык аўтобусам дабіралася да бальніцы хуткай дапамогі. У транспарце ёй стала блага, аднак хуткую дапамогу Вольга выклікаць не змагла, паколькі мабільная сувязь адключаная і дагэтуль. Актывістка выказала намер абскардзіць дзеянні аддзела прымусовага выканання Першамайская раёна, які незразумела з якіх прычын прымусіў аператараў сотавай сувязі заблакаваць яе тэлефонныя нумары.

Дзяніс Юрыс: Застаўся без сувязі, хаця штраф быў аплочаныДзяніс Юрыс

Актывіст “Беларускага нацыянальнага кангрэса” Дзяніс Юрыс судом Фрунзенскага раёна Мінска 18 кастрычніка быў прызнаны вінаватым у парушэнні ч.1 арт 23.34 (за публічныя заклікі да правядзення масавага мерапрыемства) і пакараны штрафам у памеры 460 рублёў. Затым быў працэс абскарджвання пастановы ў Мінскім гарадскім судзе, а праз некаторы час, штраф быў сплочаны. Тым не меней, судовыя выканаўцы вынеслі прадпісанне аб спыненні аказання паслуг мабільнай сувязі. 15 студзеня Юрыс зайшоў на офіс аператара “Life” з копіяй квітанцыі аб аплаце, аднак паслугу аднавіць адмовіліся. Дзяніс зрабіў запіс у Кнізе скаргаў і прапаноў, аднак і гэта не паўплывала на аператара. Толькі пасля таго, як у офісе атрымалі афіцыйнае ўведамленне аб  адмене абмежаванняў па выканаўчай вытворчасці з суда Фрунзенскага раёна, мабільную сувязь уключылі. Па словах актывіста, здарылася гэта толькі 30 студзеня.

Тамара Сяргей: Зараз усе дакументы, квітанцыі адпраўляю толькі заказной карэспандэнцыяйТамара Сяргей

Цягамоціна з аплатаю штрафаў у актывісткі Ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Тамары Сяргей цягнецца яшчэ з 2016 года. З-за некалькіх неаплочаных штрафаў, накладзеных на яе судамі за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах, аддзел прымусовага выканання Савецкага раёна Мінска 3 верасня 2016 года вынес прадпісанне на арышт кватэры і на абмежаванне права кіравання аўтамабілем, а суму штрафаў пачалі спаганяць з пенсіі.  Тамара Сяргей сабрала неабходныя сродкі і аплаціла штраф, адправіўшы квітанцыю аб аплаце поштай. Толькі тая квітанцыя чамусці знікла.  Юрыстка неаднаразова рабіла спробы разабрацца ў тым, куды падзеўся дакумент, аднак беспаспяхова. Вось і нядаўна яна атрымала адказ на сваю заяву з аддзела прымусовага выканання Савецкага раёна Мінска, у якім паведамляецца, што ў ходзе праведзенай праверкі, факта аплаты штрафу не выяўлена. Зараз Тамара Сяргей паспрабуе адшукаць грошы ў фнансавых органах, куды яны павінны  накіроўвацца.

“Каб пазбегнуць такіх сітуацый зараз усе дакументы я пасылаю толькі заказной карэспандэнцыяй, - распавядае Тамара Сяргей,- а ў выпадку адпраўкі зваротаў ці лістоў у дзяржаўныя органы электроннай поштай – капіюю адпраўленыя лісты і захоўваю іх асобна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства