Хрыстас Пургурыдэс: “Перасьлед СМІ у Беларусі – штодённы феномен” (Радыё Свабода).
Апарат Рады Эўропы распаўсюдзіў тэкст папярэдняй справаздачы дэпутата парлямэнту Кіпру Хрыстаса Пургурыдэса пра перасьлед мэдыяў у Беларусі. “Назва справаздачы ў поўнай ступені адлюстроўвае сытуацыю: перасьлед СМІ ў Беларусі — на жаль, штодзённы фэномэн”, — зазначаецца ў справаздачы, якой беларускае Міністэрства інфармацыі пакуль не атрымала.
Праект справаздачы сябра палітычнага камітэту ПАРЭ Хрыстаса Пургурыдэса пакуль ня трапіў ані ў офіс АБСЭ ў Менску, ані ў Міністэрства інфармацыі Беларусі. Кіраўнік офісу АБСЭ Эбэргард Гайкен знаходзіцца пры канцы тыдня на канфэрэнцыі ў Белавескай пушчы, таму спадзяваньні спадара Пургурыдэса на тое, што офіс распаўсюдзіць тэкст папярэдняй справаздачы пра сытуацыю са СМІ ў Беларусі, ня спраўдзіліся. Ня могуць пракамэнтаваць гэтага дакумэнту і ў Мінінфарме.
Трэба зазначыць, што ў справаздачы спадара Пургурыдэса ўтрымліваецца шмат крытыкі на адрас Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое сёлета прыпыніла выданьне шэрагу незалежных газэтаў. Менавіта гэта й стала нагодай для справаздачы. Таксама занепакоенасьць Рады Эўропы выклікае няяснасьць з будучым заканадаўствам Беларусі аб СМІ. Хрыстас Пургурыдэс у інтэрвію Радыё Свабода заявіў раней, што міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч абяцаў яму даслаць доўгачаканы праект новага закону аб друку, але цяпер памочнік міністра Віктар Казлоў гэта абвяргае і кажа, што спадара Пургурыдэса падчас сустрэчы ў Мінінфарме цікавілі іншыя пытаньні:
(Казлоў: ) “Умовы распаўсюду і гэтак далей, цэны на падпіску, нейкія іншыя агульнавядомыя матэрыялы. Мы гэта ўсё яму далі. Самога тэксту законапраекту ён не прасіў. Адпаведна, міністар ня мог яму такога абяцаць. Ёсьць палажэньне, паводле якога праект любога закону (ня толькі гэтага) — пакуль ён не трапляе да парлямэнтароў, не трапляе нікуды”.
Справаздача Хрыстаса Пургурыдэса сапраўды паведамляе пра няроўныя ўмовы для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ што да коштаў распаўсюду і даступнасьці паліграфічнай базы. Дакумэнт таксама прапаноўвае Нацыянальнаму сходу скасаваць артыкулы Закону аб друку, якія абараняюць прэзыдэнта ды іншых чыноўнікаў ад крытыкі, вызначаюць абавязковасьць рэгістрацыі друкаваных СМІ, даюць Міністэрству інфармацыі права на санкцыі супраць мэдыяў.
Ці спадзяюцца незалежныя выданьні на нейкі плён ад гэтай справаздачы спадара Пургурыдэса? Вось як адказвае на гэтае пытаньне віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
(Бастунец: ) “Я ня думаю, што нейкыя справаздачы ці рашэньні, якія прымаюцца эўрапейскімі структурамі, могуць зьмяніць нешта ў сытуацыі ў Беларусі. Але зь іншага боку, калі б гэтых заяваў і рашэньняў адпаведных структураў не было, гэтая сытуацыя была бы значна горшая. Яны ўсё ж такі дапамагаюцьне зваліцца ў бездань канчаткова”.
Справаздача Хрыстаса Пургурыдэса рэкамэндуе беларускім уладам прыняць законы, якія б гарантавалі адсутнасьць дзяржаўнай манаполіі на СМІ і дыскрымінацыі недзяржаўных СМІ, а Цэнтарвыбаркаму і дзяржаўнаму тэлебачаньню — забясьпечыць роўны і справядлівы доступ да эфіру ўсім палітычным партыям і незалежным кандыдатам падчас выбараў, асабліва парлямэнцкіх у наступным годзе. Андрэй Бастунец мяркуе, што гэтыя пажаданьні спадара Пургурыдэса застануцца пажаданьнямі:
(Бастунец: ) “Зразумела, што ў час да выбараў гэта зусім нерэальна і, насупраць, той законапраект аб СМІ, які распрацаваны ўладамі, прадугледжвае гэтую дзяржаўную манаполію. Адзін зь сяброў БАЖу нават сказаў, што гэты законапраект можна назваць не закон “Аб СМІ”, а праект закону “Аб гарантыях дзяржаўнай манаполіі на СМІ”.
Урад Беларусі мае адрэагаваць на справаздачу Хрыстаса Пургурыдэса да канца году, пасьля чаго яе канчатковы тэкст будзе распаўсюджаны Радай Эўропы.