"Канапляны" судовы марафон ў Мінску: усім - штрафы Дапоўнена
У судзе Цэнтральнага раёну Мінска 8 лютага за ўдзел у «канапляным калядаванні» будуць судзіць чатырох актывістаў ініцыятывы Legalize Belarus.
У адміністратыўных пратаколах адзначана, што ўдзельнікі калядавання «выказвалі стаўленне да легалізацыі марыхуаны ў Беларусі» праз правядзенне пікетавання, чым парушылі арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).
Раней, 18 студзеня, пачалі суд над адным з удзельнікаў акцыі Пятром Маркелавым. Як толькі суддзя Ігар Касцян зачытаў склад прапарушэння Пятра Маркелава, быў аб'яўлены перапынак. Пасля таго, як суддзя вярнуўся ў залю, ён зачытаў пастанову аб накіраванні справы супраць актывіста на дапрацоўку.
Сёння будуць разглядацца справы Пятра Маркелава (10-00), Юлі Швабовіч (11-00), Стася Шашка (12-00) і Міхася Варанцова (14-30).
"Канапляны судовы маратон — гэта феерычнае сьвята закону, права і справядлівасьці. Улада бярэцца за калядоўшчыкаў! Прыходзь на маратон, каб падтрымаць свабоду слова і мірных сходаў!" – пішуць актывісты ў суполцы Legalize Belarus.
Справу Пятра Маркелава разглядае суддзя Ігар Касцян. Сведка па справе - супрацоўнік міліцыі УУС Менгарвыканкама Міхаіл Лужынскі і яшчэ Віняцкі. Наступны сведка з боку Маркелава - Міхась Варанцоў. Пастанова - штраф у памеры 30 базавых велічынь (частка 3 арт. 23.34 КаАП РБ).
Справы Стася Шашка і Юлі Швабовіч у суддзі Вікторыі Шабуні. Сведкам выступае той жа Махаіл Лужынскі.
Юлю Швабовіч суд прызнаў вінаватай у парушэнні ч.1 арт. 23.34 КаАП і пастанавіў пакараць штрафам у памеры 10 базавых велічынь.
Па справе Стася Шашка сведкай выступае таксама супрацоўнік міліцыі Міхаіл Лужынскі і Віняцкі. Сведка з боку Шашка - Міхась Варанцоў. Пастанова - штраф 10 базавых велічынь.
Справу Міхася Варанцова разглядае суддзя Ігар Касцян. Ён хадайнічаў ад допыце сведкаў Шашка і Швабовіч і допуску ў працэс адваката. Апытаны сведка Міхаіл Лужынскі. Міхаіл Варанцоў таксама прызнаны вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і пакараны штрафам у памеры 10 базавых велічынь.
Нагадаем, 25 снежня актывісты ініцыятывы Legalize Belarus правялі «канапляную каляду» – шэсце за рэформу артыкулу 328 КК, які рэгулюе абарот псіхаактыўных рэчываў і ўводзіць крымінальную адказнасць. У акцыі бралі ўдзел больш за 15 чалавек, паведамляў у сацыяльных сетках адзін з арганізатараў шэсця Пётр Маркелаў. Юнакі прагульваліся па цэнтры горада, спявалі вясёлыя песні і неслі стылізаваныя выявы канаплянага лісця.
"У кастрычніку мінулага года Legalize Belarus запусціла кампанію «Рэформа 328», у рамках якой правяла збор подпісаў пад калектыўным зваротам да ўладаў з патрабаваннем аб заканадаўчым рэфармаванні дадзенага артыкула КК. Зварот у Палату прадстаўнікоў і МУС падпісалі больш за 4 тысячы 600 чалавек, аднак дзяржорганы гэтую грамадскую ініцыятыву не падтрымалі", - паведамляюць naviny.by.