viasna on patreon

Жыхар Рагачова: за адсутнасьць флікера пабілі і зламалі рэбры, а цяпер аштрафавалі

2018 2018-02-08T11:50:51+0300 2018-02-08T11:54:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymannie-mil.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

40-гадовы жыхар Рагачова Віктар Арцюх паскардзіўся ў пракуратуру і Сьледчы камітэт на пабоі ад міліцыянтаў, атрыманыя ім пры затрыманьні за тое, што ён быў бяз флікера ў цёмны час сутак, піша Радыё "Свабода".

7 лютага Рагачоўскі раённы суд аштрафаваў Віктара Арцюха на 1 базавую велічыню (24 рублі) за пераход вуліцы бяз флікера. Наперадзе яшчэ адзін суд — паводле пратаколу аб непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Штраф за флікер Віктар Арцюх зьбіраецца абскарджваць.

«Мала таго, што зрабілі правапарушальнікам ні за што, дык яшчэ рэбры зламалі і абыходзіліся, як зь якім злачынцам. Калі б ня жонка, магло б невядома чым скончыцца», — абураецца жыхар Рагачова.

Як кажа Арцюх, ягоны канфлікт зь міліцыянтамі пачаўся 17 студзеня.

«Я жыву ў самым цэнтры гораду, на вуліцы Леніна. Хіба ў горадзе, дзе паўсюль ліхтары, патрэбен флікер?» — кажа Віктар.

Паводле правілаў дарожнага руху, у цёмны час мінакі абавязаны абазначаць сябе флікерамі, калі ідуць па дарозе без тратуару.

«Гэтым правілам нядобрасумленныя міліцыянты часта карыстаюцца, каб пабольш набраць штрафаў. Як было са мной: спынілі на адным месцы, сьветлым, а кажуць, што ішоў бяз флікера ў іншым, цёмным», — сьцьвярджае Арцюх.

«Было 8.30 вечара, мне да дома заставалася 80 мэтраў, — згадвае Арцюх.— Перайшоў вуліцу Кастрычніцкую на скрыжаваньні зь Лібкхнэхта, як побач спынілася міліцэйская патрульная машына і мяне паклікалі, спыталі, чаму іду бяз флікера. А я адказаў, што карыстаюся ліхтаром мабільнага тэлефона, калі іду па цёмнай вуліцы. Тады спыталі дакумэнты. Адказаў, што з сабой няма, але жыву побач, можам прайсьці. Сказалі, гэта ня іх справа — хадзіць па дамах — і загадалі сесьці ў іх аўтамабіль. На гэта я іх спытаў, чаму мяне спынілі, ды папрасіў прадставіцца, бо яны гэтага адразу не зрабілі. І тут пачалося!»

Расказваючы сваю гісторыю, мужчына хвалюецца і часам запінаецца.

«Гэта ў мяне такая манэра гаварыць, запінаючыся», — тлумачыць Віктар Арцюх.

Міліцыянты ж маглі падумаць, што ён нападпітку.

«Але я быў зусім цьвярозы, гэта потым і экспэртыза пацьвердзіла», — кажа Віктар. І дадае, што размаўляў зь міліцыянтамі спакойна, добра вымаўляючы кожнае слова.

Паводле Віктара, далей ён пазваніў жонцы на мабільны, каб хутчэй прынесла пашпарт.

«Марына нават адразу не паверыла, што са мной адбываецца такое — спынілі каля дома! Прасіла, каб даў слухаўку міліцыянту. Але, пакуль яна прыйшла, мяне ўжо зьбілі з ног падсечкай на зямлю, маўляў, не падпарадкаваўся загаду сесьці ў іхны аўтамабіль».

Абвінавачваньні ў супраціве міліцыянтам Віктар абвяргае. Хоць прызнае, што загад сесьці ў міліцэйскі аўтамабіль адразу ня выканаў, а падняў рукі. Як адрэагавалі міліцыянты?

«Заявілі, што ўжывуць да мяне спэцсродак, і адразу накінуліся, нібы на забойцу! Далі па нагах, павалілі, пачалі біць, прыціснулі аўтаматам да зямлі».

Паводле Віктара Аўцюха, тады ён атрымаў некалькі ўдараў па рэбрах: «Білі збоку, відаць, каленам. Зламалі 10-е і 11-е рэбры».

Арцюх настойвае, што не супраціўляўся, а зноў прасіў міліцыянтаў прадставіцца і патлумачыць, якія да яго прэтэнзіі. А яшчэ згадаў, што да таго, як на яго накінуліся, спрабаваў набраць нумар 102 на тэлефоне, каб выклікаць міліцыю, але не пасьпеў.

«Гэта, відаць, падліла алею ў агонь», — мяркуе Арцюх.

Пасьля зьбіваньня яго паднялі зь зямлі і запхнулі ў аўтамабіль.

«Што было далей? Я сяджу ў аўтамабілі, як тут прыходзіць жонка, прыносіць пашпарт, а мяне ня бачыць. Я яе аклікаю і вылажу праз другія дзьверы, каб узяць пашпарт, а міліцыянты, відаць, падумалі, што хачу ўцячы. Зноў на мяне накінуліся і пачалі зьбіваць. Калі б побач не было жонкі, ня ведаю, чым бы гэта для мяне закончылася!» ​

Паводле Віктара Арцюха, ягоны пашпарт, які прынесла жонка, міліцыянтаў зусім не зацікавіў: «Для іх я ўжо быў адназначна парушальнікам, якога варта адвезьці ў пастарунак».

Віктара адвезьлі ў Рагачоўскі райаддзел міліцыі, прычым, як прыгадвае пацярпелы, перад самым уваходам у райаддзел міліцыі зноў пабілі.

«Выйшлі з машыны, вядуць у райаддзел. Сам іду, не ўпіраюся. Як раптам той самы, які біў мяне каленам, спрабуе заламаць рукі і надзець кайданкі. Гэта было ўжо на ганку, там былі людзі. Тады я пачаў крычаць: „Дапамажыце! Міліцыя!“ Зноў удары, і пачалі душыць. У вачах пацямнела, ледзь не страціў прытомнасьць. За што, чаму? Што я зрабіў?»

Віктар Арцюх ведае імёны і прозьвішчы міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі і неабагрунтавана, як ён мяркуе, білі.

«Міліцыянт К. — той звычайны, проста выконвае загады. А вось Л. — ён як садыст, якому ў асалоду зьбіваць людзей», — кажа пра міліцыянтаў пацярпелы.

У райаддзеле міліцыі Віктару прапанавалі прайсьці абсьледаваньне на наяўнасьць у крыві алькаголю, і ён адразу пагадзіўся. Затрыманага адвезьлі ў шпіталь, дзе доктарка вызначыла ў яго павышаную тэмпэратуру і прыкметы гнойнай ангіны і настаяла на шпіталізацыі.

«Гэтая доктарка — другая мая ратавальніца пасьля жонкі. Што б са мной было, калі б яшчэ пакінулі ў міліцыі, ня ведаю», — кажа Віктар Арцюх.

Тыдзень пасьля інцыдэнту Арцюх ляжаў у бальніцы. Потым — дома на бальнічным. За гэты час да яго двойчы прыходзілі міліцыянты з пратаколамі. Аб парушэньні ПДР (што мусіў у цёмны час дня ісьці па дарозе з флікерам) і непадпарадкаваньні законным прадстаўнікам улады.

«Абодва пратаколы я не падпісаў і буду іх аспрэчваць, — кажа пацярпелы. — А яшчэ напісаў заявы ў Сьледчы камітэт і ва ўправу ўласнай бясьпекі МУС. Зь Міністэрства ўнутраных спраў адказалі, што маю скаргу адправілі ў Гомельскае абласное ўпраўленьне міліцыі, а тыя адказалі, што накіравалі яе ў Рагачоўскую міліцыю, а нашы адказалі, што маёй скаргай займаецца раённае ўпраўленьне Сьледчага камітэту. Яшчэ накіраваў скаргу ў пракуратуру, дык тыя таксама адказалі, што правярае Сьледчы камітэт. Скажу так: пакуль ідуць адпіскі, але паглядзім, што будзе далей».

Суд па другім адміністрацыйным пратаколе, які быў складзены на Арцюха, яшчэ не прызначаны.

У Рагачоўскім упраўленьні Сьледчага камітэту карэспандэнту Свабоды паведамілі, што справа паводле заявы Арцюха «не заведзеная, яшчэ ідзе праверка».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства