"Нiякая арганiзацыя не павiнна кантраляваць iнтэрнэт". Менавiта так намеснiк старшынi камiсii па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i СМI Палаты прадстаўнiкоў Аляксандр Свiрыд пракаментаваў у інтэвію "Пагоні" заяву старшынi КГБ Беларусi Леанiда Ерына пра намер кантраляваць iнтэрнэт.
10 снежня Леанiд Ерын публiчна заявiў, што "спецслужбы мусяць кантраляваць iнтэрнэт, за дапамогай да якога ўсё часцей звяртаюцца прадстаўнiкi мiжнароднага тэрарызму i арганiзаванай злачыннасцi. Мы сёння iмкнемся стварыць усе ўмовы, найперш, прававыя, каб праводзiць працу па кантролi за iнтэрнэтам".
12 снежня Аляксандр Свiрыд пракаментаваў заяву, якая ўзбударажыла грамадскасць не менш за намер увесцi з 2004 года 20-працэнтны падатак на дабаўленую вартасць з карыстальнiкаў мабiльнымi тэлефонамi.
— Я не думаю, што Ерын сказаў, што менавiта КГБ мусiць кантраляваць iнтэрнэт. Хаця ў дадзеным выпадку ён выступаў ад iмя якраз-такi КГБ, якi ўзначальвае. Нiякая арганiзацыя не павiнна кантраляваць iнтэрнэт. Аднак адсочванне iнфармацыi ў iнтэрнэце можа быць, бо ў iнтэрнэце могуць з'яўляцца ўсялякiя выказваннi, у тым лiку i такiя, якiя ганьбяць нечый гонар. Тады пацярпелы мае права спаслацца на сайт i звярнуцца ў адпаведныя органы па абарону. Толькi ў гэтым выпадку орган, у якi звярнуўся грамадзянiн, павiнен не кантраляваць iнтэрнэт, але прымаць нейкiя меры. Сам дзяржаўны орган не павiнен кантраляваць iнтэрнэт: яму могуць не спадабацца выказваннi, да прыкладу, у мой адрас, а мне яны, можа, наадварот, да спадобы.
— Тады як вы расцэньваеце зварот дэпутата Хрола да старшынi КГБ зачынiць сайт незарэгiстраванай грамадскай iнiцыятывы "Хартыя-97"?
— Гэта асабiстая думка дэпутата Хрола, таму што КГБ не дадзенае законам права зачыняць сайт. Канечне, Хролу, можа, нешта i не спадабалася, але гэта яго асабiстая думка.
— А што гаворыць пра iнтэрнэт новая рэдакцыя закона "Аб друку"?
— Новага законапраекта "Аб друку" яшчэ пакуль няма; ён знаходзiцца не тое што на выхадзе, я б сказаў, у стадыi палавiнчатай распрацоўкi. Таму гаворыць пра яго пакуль што ранавата.