Затрыманага ў навагоднюю ноч валанцёра "Вясны" будуць судзіць за дробнае хуліганства
Суд над валанцёрам ПЦ “Вясна” Юрыем Мяцельскім па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) прызначаны на 11.00 22 лютага. Разглядацца справа будзе ў Слуцкім раённым судзе.
Нагадаем, што Юрый Мяцельскі быў затрыманы ў ноч на першае студзеня слуцкім АМАПам. Аднаго з амапаўцаў абурыла, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр “Вясны” папрасіў і самаго амапаўца прад’явіць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў знаходжанні ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення (арт. 17.3 КаАП).
Потым, калі Юрыя даставілі ў міліцэйскі пастарунак, стала зразумела, што артыкул 17.3 “пераўтварыўся” у 17.1, - Юрыя абвінавацілі ў тым, што той лаяўся матам у грамадскім месцы. Пасля псіхалагічнага і фізічнага ціску з боку ўчастковага інспектара Аляксандра Савіна (ён заламаў Мяцельскаму руку і ў нецэнзурнай форме патрабаваў падпісаць паперы), Юрый падпісаў пратакол, аднак пазначыў, што не згодны з яго зместам і сваю віну не прызнае. Пасля гэтага хлопец двое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання.