viasna on patreon

“Пра ганебныя допыты па справе прафсаюзаў трэба распавядаць”

2018 2018-02-14T12:13:15+0300 2018-02-14T12:22:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/buhel_barys-dw.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Следчы камітэт праводзіць допыты магілёўскіх актывістаў, палітыкаў і праваабаронцаў па крымінальнай справе ў дачыненні да лідараў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

12 лютага ў СК выклікалі праваабаронцу Барыса Бухеля і актывіста Аляксея Паўлоўскага, паведамляе mspring.online.

Паўлоўскі адмовіўся ехаць у Следчы камітэт, таму следчаму прыйшлося наведаць яго дома. Гутарка з актывістам праходзіла ў прысутнасці журналіста Уладзіміра Лапцэвіча.

Бухель жа правёў у СК каля паўтары гадзіны падчас якой, з яго слоў, «праводзіў лекцыю следчаму».

Праваабаронца Барыс Бухель
Праваабаронца Барыс Бухель. Фота: DW/А. Буракоў

– Мяне дапытвалі ў якасці сведкі, пытанні задаваў малады следчы Дзмітрый Сёмін. Было бачна, што ён слаба разбіраецца ў тэме. Сам шчыра прызнаўся, што з Менску спусцілі спіс пытанняў, – распавёў Барыс Бухель.

Праваабаронцу здзівіў той факт, што адказы на многія пытанні следчы мог знайсці ў Інтэрнэце:

– Ён пытаўся, ці ўваходзіць прафсаюз РЭП ў міжнародныя арганізацыі. Ну вядома ўваходзіць! Усё гэта можна даведацца, зайшоўшы на сайт. Бессэнсоўныя былі пытанні. Даведваўся, ці быў я прадстаўніком прафсаюза ў якіх-небудзь перамовах за мяжой. Я шараговы сябра, ад кіраўніцтва далёка, як я магу быць прадстаўніком арганізацыі рэспубліканскага ўзроўню?

Дзмітрый Сёмін шмат цікавіўся фінансавымі пытаннямі арганізацыі.

– Усе яго пытанні тычыліся 2011-2012 гадоў. Гэта значыць я павінен быў успомніць, што адбывалася гадоў 7-8 таму. Напрыклад, каму і як я аддаваў членскія ўнёскі. Адкуль я памятаю? Тым больш, што праз банк РЭП тады не давалі нічога афармляць, – сказаў Бухель.

Сваю сустрэчу са следчым праваабаронца называе «лекцыяй», паколькі яму «прыйшлося на пальцах распавядаць пра правы чалавека і грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне».

Напрыканцы Бухель адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні. Паводле яго слоў, ніякага сэнсу ў гэтым няма.

– Гэта спроба зрабіць так, каб нічога не прасочвалася ў СМІ. А пра такія ганебныя допыты распавядаць трэба, – сказаў на заканчэнне праваабаронца.

13 лютага стала вядома аб тым, што ў Следчы камітэт запрасілі палітыка Ігара Барысава і актывіста Аляксандра Шаўцова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства