viasna on patreon

Белсуд супраць “Белсату”. Віцяблян аштрафавалі амаль на 1200 рублёў за здымкі ў Воршы

2018 2018-02-23T11:25:51+0300 2018-02-23T11:59:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/5-skryl-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віталь Скрыль і Уладзімер Лунёў. Фота Змітра Міраша

Віталь Скрыль і Уладзімер Лунёў. Фота Змітра Міраша

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў віцяблян Віталя Скрыля і Уладзіміра Лунёва штрафамі ў памеры 24 базавых велічынь, прызнаўшы іх вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (частка 2 арт. 22.9 КаАП РБ), паведамляе "Віцебская Вясна". 

Адміністрацыйную справу ў дачыненні да жыхароў Віцебску распачаў Аршанскі РАУС. Паводле пратаколу, Скрыль і Лунёў, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналістаў замежнага СМІ, нібыта бралі 17 студзеня ў жыхароў Воршы інтэрв'ю, фрагменты якога потым з'явіліся на тэлеканале “Белсат” у сюжэце “За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?”. Справу ў суддзе разглядаў суддзя Ілля Белавус

Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў не прызналі сябе вінаватымі. Яшчэ на першым паседжанні Віталь Скрыль звярнуў увагу суду на шматлікія памылкі і парушэнні ў пратаколе. Напрыклад, хлопцаў вінавацілі толькі ў вырабе прадукцыі СМІ, хаця артыкул 22.9 у частцы 2 прадугледжвае пакаранне за “выраб і распаўсюд”. Прычым, паводле пратаколу, парушэнне было здзейсненае наўпрост у будынку райаддзелу аршанскай міліцыі.

“Абвінавачванні грунтуюцца толькі на здагадках і суб’ектыўных меркаваннях. Я прадукцыі СМІ не вырабляў, з тэлеканалам “Белсат” не супрацоўнічаў, наогул не з'яўляюся журналістам, і да мяне як да фізычнай асобы нельга прымяняць арт. 22.9”, – заявіў Скрыль. Гэткай жа пазіцыі прытрымліваўся і Уладзімір Лунёў.

Як сведчыла на першым судовым паседжанні супрацоўніца Аршанскага РАУС Лілія Трушко, яна натрапіла на сюжэт “Белсату” толькі 25 студзеня падчас маніторынгу інтэрнэту.

Трушко распавяла, што, пабачыўшы сюжэт, узгадала, што 17 студзеня на плошчы Леніна ў Воршы праводзілася аператыўная відэафіксацыя. Каб высветліць асобы тых, хто здымаў і даваў інтэрв'ю, відэаматэрыялы разаслала па ўсіх падраздзяленнях РАУС. Сцвердзіла, што звесткі аб віцяблянах атрымала з ДАІ. Як потым высветлілася, супрацоўнікі ДАІ ў той самы дзень спынялі аўтамабіль Лунёва на выездзе з Воршы. Маёр міліцыі не магла выразна адказаць, чаму вырашыла скласці пратакол, не магла прыпомніць, як дакладна гучыць 2-я частка артыкулу 22.9 КаАП, заявіла, што не ведае Закону аб СМІ.

Асноўным доказам здзяйснення віцяблянамі адміністрацыйнага правапарушэння быў запіс відэафіксацыі, які дэманстравалі ўсім сведкам. У тым ліку – траім жыхарам Воршы, якія трапілі ў відэасюжэт “Белсату” і таксама былі ідэнтыфікаваныя і выкліканыя ў суд. Толькі адзін з іх з пэўнасцю заявіў, што пазнае тых людзей, якія размаўлялі з ім у Воршы. Ніхто не адказаў, як былі апранутыя іх суразмоўцы, але ўзгадалі, што журналістамі сябе не называлі.   

Як заявіў падчас першага паседжаньня Віталь Скрыль, ён і сам не здолеў бы апазнаць самога сябе на гэтых здымках, калі б сапраўды фігураваў на іх. Бо здымкі вяліся здалёк, бяз гуку і часцей са спіны. А тыя, хто апытваў аршанцаў, працавалі ў капюшонах.

Дарэчы, у якасці сведкі на судзе выступіў і супрацоўнік міліцыі, які ажыцяўляў у той дзень аператыўныя відэаздымкі. Судом былі таксама апытаныя начальнік аддзяленьня аршанскай ДАІ і інспектар, які спыняў аўто віцяблян.

“Увесь гэты час у судзе даказвалася толькі тое, што мы 17 студзеня былі ў Воршы і спрабавалі атрымаць інфармацыю ад жыхароў гораду. То бок увесь гэты час даказвалася тое, што мы знаходзіліся ў Воршы законна і дзейнічалі ў адпаведнасці з Законам, карыстаючыся сваімі канстытуцыйнымі правамі на атрыманьне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі. І ў тым, што на нас быў складзены пратакол, я бачу спробу абмежаваць нас у канстытуцыйных правах”, - заявіў Скрыль.

Нягледзячы на гэтыя аргумэнты, а таксама на тое, што суд атрымаў афіцыйны ліст з рэдакцыі тэлеканалу “Белсат”, у якім сцвярджаецца, што ні Скрыль, ні Лунёў не звязаны з тэлеканалам працоўнымі адносінамі, суддзя Ілля Белавус вынес рашэнне пакараць Віталя Скрыля штрафам у памеры 24 базавых велічынь (588 рублёў). Такое ж пакаранне атрымаў і Уладзімер Лунёў.

Віцябляне збіраюцца абскардзіць рашэнне Кастрычніцкага суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства