viasna on patreon

Актывіст дамагаецца абароны сваіх правоў праз Генпракуратуру

2018 2018-03-06T11:20:48+0300 2018-03-06T11:27:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kulakou-leanid-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ленід Кулакоў. Фота з сацыяльных сетак.

Ленід Кулакоў. Фота з сацыяльных сетак.

Грамадскі актывіст Леанід Кулакоў накіраваў ў Генеральную пракуратуру Беларусі скаргу, падрыхтаваную сумесна з юрыстамі праваабарончага цэнтра “Вясна”, аб парушэнні яго палітычных і працэсуальных правоў.

Нагадаем, што актывіст Леанід Кулакоў быў падвергнуты 10-суткаваму адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у акцыі салідарнасці з затрыманымі па “справе патрыётаў”, якая адбылася 22 чэрвеня 2017 г., а таксама спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 40 базавых велічынь за ўдзел у акцыі папярэджання і мітынгу ў Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня 2017 г.

Усё гэта пацягнула за сабой парушэнне шэрагу яго грамадска-палітычных і працэсуальных правоў, а менавіта: права на мірны сход, права на свабоднае выказванне думак, права на ўдзел у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, права на атрыманне юрыдычнай дапамогі.

Агулам у дачыненні да аднаго чалавека за гэты кароткі перыяд былі парушаны не толькі шматлікія нормы заканадаўства Рэспублікі Беларусь, але і міжнародныя абавязкі (палажэнні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), якія Республіка Беларусь узяла на сябе і абавязалася добрасумленна выконваць.

Актывіст праз Вярхоўны Суд Беларусі ўжо дамагаўся адмены пастановы суда Першамайскага раёна г. Мінска ад 3 кастрычніка 2017 г., згодна з якой ён прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага ч. 3. ст. 23.24 КаАП Рэспублікі Беларусь. Суд Першамайскага раёна не абгрунтаваў дапушчальных абмежаванняў мірнай дэманстрацыі 8 верасня 2017 года, таму можна зрабіць выснову, што яе правядзенне было законным і адпавядала нормам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыі ў частцы рэалізацыі права на мірныя сходы і свабоднае выказванне думак.

Але Вярхоўны Суд не знайшоў падставаў для адмены адзначанай пастановы суда.

Леанід Кулакаў звяртае ўвагу Генпракуратуры на парушэнне правоў на ўдзел у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і на атрыманне юрыдычнай дапамогі пры разглядзе судом справы за яго ўдзел у акцыі салідарнасці з затрыманымі па “справе патрыётаў”.

Актывіст просіць Генеральную пракуратуру правесці поўную, аб'ектыўную і ўсебаковую пракурорскую праверку па адзначаных эпізодах і адмяніць  пастанову суда Першамайскага раёна г.Мінска ад 3 кастрычніка 2017 года.

Юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:

“Улічваючы тое, якая практыка прыцягнення грамадзян да адказнасці за рэалізацыю імі сваіх правоў на свабоднае выказванне думак і на мірныя сходы склалася ў Беларусі ў апошнія гады, для ПЦ “Вясна” было важным даведацца, наколькі судовая сістэма з'яўляецца гнуткай і ці гатовая яна прызнаць відавочныя парушэнні працэсуальных правоў Леаніда Кулакова.

На вялікі жаль, пры разглядзе скаргі Вярхоўны суд не пабачыў парушэнняў працэсуальных правоў Леаніда Кулакова, у сітуацыі, калі суд Першамайскага раёна г. Мінска разгледзеў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў той момант, калі ён знаходзіўся ў ЦІПе і, адпаведна, з'яўляючыся асобай, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, не мог з'явіцца ў суд.

У адказе Вярхоўнага суда аб гэтым не гаворыцца ні слова. Такім чынам, адказ дадзены не па сутнасці скаргі, а з'яўляецца фармальнай адпіскай.

Нежаданне кіраўніцтва судовай сістэмы прызнаваць відавочныя парушэнні правоў чалавека выклікае занепакоенасць. Разам з тым, у справе Леаніда Кулакова мы будзем максімальна выкарыстоўваць унутраныя сродкі прававой абароны, і, калі не даб’емся паспяховага выніку, безумоўна звернемся да міжнародна-прававых механізмаў абароны правоў чалавека”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства