Андрусь Кацапаў: “Я адзін з тых, каго незаконна затрымалі 25 сакавіка” Відэа
Андрусь Кацапаў на Дзень Волі ў 2017 г. проста аказаўся не ў тым месцы, не ў той час, як і іншыя 550 чалавек, якіх затрымалі на вуліцах сталіцы і потым адпусцілі. Ужо год ён абскарджвае сваё незаконнае затрыманне.
Па дадзеных незалежных сродкаў масавай інфармацыі, агулам 25 сакавіка 2017 года ў Мінску было затрымана 700 чалавек, 148 з якіх былі асуджаны да вялізных штрафаў і сутак.
Андруся Кацапава затрымалі, калі ён спускаўся ў метро, ідучы па сваіх справах. Выходзіць, што яго лёс паўтарылі 550 чалавек.
У адказах на скаргі людзей, якія былі незаконна затрыманы, міліцыя спасылаецца на арт. 23 Канстытуцыі, згодна з якой дапускаецца абмежаванне правоў і свабод асобы ў інтарэсах грамадскага парадку. Дык калі міліцыя мае права абмяжоўваць правы і свабоды грамадзян, спасылаючыся на Асноўны закон Беларусі, ці павінна гэтае абмежаванне выглядаць менавіта такім чынам, праз масавыя затрыманні і запалохванні?
Колькі Андрусь Кацапаў не абскарджваў незаконныя дзеянні ў дачыненні да сябе 25 сакавіка, парушэнняў заканадаўства і службовай дысцыпліны з боку супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС г. Мінска не ўбачылі ні суды, ні вышэйстаячыя органы.
Тым больш, што праверкі па скаргах застаюцца гэткімі толькі на словах. Як правіла, іх матэрыялы складаюцца толькі з самой скаргі. Так і па справе Андруся Кацапава не высвятляліся ні асобы, якія яго затрымлівалі, ні іх пасады, ні ўвогуле нічога, што тычылася таго, што міліцыя праводзіла хоць нейкую праверку па ягонай скарзе.
Але шматлікія парушэнні праваахоўных органаў тых дзён “гарачай вясны” відавочны.
Так, супрацоўнікі міліцыі ў адказе на скаргу Андруся Кацапава адзначылі, што ён быў затрыманы 25 сакавіка 2017 г. у сувязі з “Маршам абураных беларусаў”. Але вядома, што 25 сакавіка ў г. Мінску праходзіла несанкцыянаванае ўладамі мерапрыемства, прымеркаванае да 99-ай гадавіне па нагодзе Дня Волі-2017. Пры гэтым Андруся Кацапава затрымалі на ўваходзе метро ў больш за 2000 метраў ад правядзення самога мерапрыемства.
“Міліцыя не абгрунтавала якім чынам я мог пахіснуць асновы грамадскага правапарадку ў г. Мiнску 25 сакавіка, знаходзячыся ў двух кіламетрах ад правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”, - расказвае Андрусь Кацапаў.
Асноўным аргументам такога затрымання, зыходзячы з адказу МУС, з'яўляецца тое, што мерапрыемства з'яўлялася несанкцыянаваным. Але, улічваючы абставіны затрымання Андруся Кацапава, не зразумела, як яны ўзаемазвязаны.
Як бы ўлада не шла на супрацоўніцтва па святкаванню Дня Волі-2018, прынятыя меры па безаконню таго года дагэтуль застаюцца фармальнымі адпіскамі.