viasna on patreon

100 год БНР: дзесяткі затрыманняў па ўсёй краіне і аперацыя "Фільтр" Дапоўнена

2018 2018-03-25T12:20:00+0300 2018-03-27T09:41:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bnr-100.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Святочныя мітынгі, сходы, канцэрты і іншыя масавыя мерапрыемствы ў гонар стагоддзя абвяшчэння БНР запланаваныя сёння ў дзесятках беларускіх гарадоў і мястэчак. Мясцовыя ўлады далі дазвол на правядзенне масавых мерапрыемстваў у Горадні, Берасці, Гомелі, а таксама ў іншых гарадах: Баранавічах, Лідзе, Слуцку, Салігорску, Кобрыне. Імпрэзы да Дня Волі анансавалі ў Глыбокім і Шаркоўшчыне.

Аднак у Віцебску, напрыклад, рахунак за паслугі па ахове мітынгу, які выставілі заяўнікам органы правапарадку, настолькі вялікі, што ад мерапрыемства давялося адмовіцца. Віцебская міліцыя патрабуе з арганізатараў акцыі да 100-годзьдзя БНР амаль 60 рублёў за працу кожнага супрацоўніка міліцыянта.

Таксама вядома, што Магілёўскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні пікета 25 сакавіка на плошчы Зорак, паколькі названай пляцоўкі няма ў спісе дазволеных месцаў. Замест цэнтра горада, улады прапанавалі адсвяткаваць пікет на бязлюдным стадыёне па вул. Чалюскінцаў.

Напярэдадні 25 сакавіка адбыліся прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў у Бабруйску, Бярозе, Берасці, Слуцку, Вялейцы. Многіх з затрыманых чакаюць суды ў панядзелак, 26 сакавіка.

Грамадскага актывіста Мікалая Чарнавуса з Баранавіч выклікалі позвай у Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту РБ на 10 гадзін 25 сакавіка, з мэтай недапушчэння яго на мітынг у сталіцу.

Раніцай 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі пачалі чыніць перашкоды для тых, хто выпраўляецца ў Мінск на святкаванне 100-годдзя БНД. У сацыяльных сетках паведамляюць аб тым, што сябра БХД Яўген Анішчанка з Воршы, які ехаў у Менск, толькі што быў затрыманы міліцыяй. Зараз Яўген Анішчанка знаходзіцца ў Талачынскім РАУС.

Прыкладна ў 8 гадзін раніцы  на вакзале ў Маладзечне супрацоўнікамі МУС был затрыманы грамадскі актывіст Алесь Абрамовіч, кіраўнік Менскай абластной арганізацыі БСДП (Грамада).

Затрыманы паэт Славамір Адамовіч, які збіраўся з Мар'інай Горкі электрычкай патрапіць у Мінск.

"На выездзе з Бабруйска толькі што затрыманыя 5 сябраў БСДП разам з сябрам ЦК Юрыем Грынявіцкім.  Усе яны накіроўваліся ў Менск на дазволены ўладамі канцэрт. Зараз іх машыну суправаджаюць у аддзел міліцыі. Абвінавачваюць у нейкім злачынстве", паведамляе ў фэйсбуку Ігар Барысаў.

Праваабаронцы з Бабруйска ўдакладняюць: затрыманыя  - Уладзімір Чабан, Эдуард і Юрый Грынявіцкі, Яўген Габрэлян, Аляксей Калеснікаў. Іх пад канвоем вяртаюць у Бабруйск.

У Вялейцы супрацоўнікі міліцыі на аўтамабілях дзяжураць каля дамоў мясцовых актывістаў Аляксея Сюдака, Міхася Куляша і Паўла Хаванскага.

Не даюць выйсці з дому жыхару Мар'інай Горкі Сяргею Мазуру, у якога 23 сакавіка супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус. 

Журналістка Вольга Чайчыц піша ў фэйсбуку: "Не можам выехаць з вёскі, дзе жывем. Затрымалі каля дому. Дзяржаўтаінспектар Дзяржынскага ДАІ Панчанка Аляксей. Пакуль нас прабіваюць па базе і проста не даюць з'ехаць". Вольгу Чайчыц і Андруся Козела адпусцілі, але праз некаторы час ізноў затрымалі.

 Затрыманне Вольгі Чайчыц

Перадае праваабаронца Барыс Бухель: “Магілёў. У 9-50 патэлефанавала Ухарэнка Валянціна (прозвішча - на слых): у 5 км ад горада на мінскай трасе каля вёскі Сумарокава затрымалі 11 чалавек, якія ехалі ў Менск ... Вязуць ў РАУС Магілёўскага раёна. Мент сказаў, што паступіў сігнал. А які, за што затрымліваюць, не сказаў. Адказваў толькі: усё даведаецеся ў РАУС, садзіцеся ў іх машыну і папярэдзіў пра ўжыванне сілы. Валянціна Ухаренко сказала, што да адной жанчыны ўжылі сілу і павялі да міліцэйскай машыне. Пад'ехала яшчэ некалькі міліцэйскіх машын. Шмат амапаўцаў. Тэлефон адключыла".

У Маладэчне дзесьці ў пачатку на 10-ую затрымалі Анатоля Гмызу. Быццам бы для праверкі дакумэнтаў. Цяпер ён у РАУСе. Пра гэта паведамляюць мясцовыя праваабаронцы. У Маладэчне быў яшчэ затрыманы супрацоўнікамі ДАІ актывіст БХД Раман Ганчароў на сваім аўто.

Актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі з Дуброўна Міхаіл Чэмурака, які разам з жонкай на машыне выязджаў на цягнік да Мінска, быў спынены машынай ДАІ, якая ўключыла мігалкі. Былі затрыманыя Міхаіл Чэмурака і яго жонка, але жонка была адразу адпушчаная, а Міхаіла пасадзілі ў машыну і павезлі ў РАУС, дзе яго трымалі 6 гадзін.

Віцебск. Заяўнік шэсцця і мітынгу Уладзімір Кійко заблакаваны людзямі ў цывільным у сваёй кватэры. Ля пад'езда стаіць машына УАЗ. Актывіста Леаніда Аўтухова заблакавалі ў сваім доме у Гарадку Віцебскай вобласці. Як стала вядома, яго тэрмінова выклікаюць сёння ў райаддзел міліцыі.

У Слоніме затрыманы Іван Бедка, які збіраўся ехаць у Менск аўтобусам.

У Оршы затрыманы Генадзь Шэпелеў, які выйшаў са сцягам да помніка Уладзіміру Караткевічу. Складаюць пратакол. У ІЧУ ОРшы знаходзіцца затрыманая раніцай у Дуброўна Наталля Стрэльчанка. Суд прызначаны на заўтра.

 

Пра першае затрыманне ў Віцебску паведамляе праваабаронца Леанід Свецік. Ля помніку Альгерду затрыманы Мікола Кучарэц, пасля таго як той развярнуў БЧБ сцяг. Ен дастаўлены ў Кастрычніцкі РАЎС.

Па дарозе з Салігорску ў Мінск затрыманы Уладзімір Шыла.

Толькі што паступіла паведамленне ад Эдварда Баланчука. Узялі на прыпынку, чакаў маршрутку на Менск. Адвезьлі ў РАУС на "размову".

Журналістка газеты “Вячэрні Бабруйск” Ірына Купцэвіч піша, што іх машыну затрымалі на выездзе з горада каля Баяраў. Затрымалі ўсіх чаторох і вязуць у РАУС. Прозвішчы: Іван і Аляксандр Хамрэнкі, а таксама журналістка Ірына Хамрэнка-Ушакова.

Алесь Лагвінец паведаміў, што ў Слуцку затрыманы актывіст Аляксандр Залатар. Ён затрыманы перад санкцыянаваным канцэртам, быў у машыне разам з апаратурай. 

Пры выездзе з Барысава прыкладна ў 14-00 затрыманы праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч з дачкой. Зараз ён РУУСе, дакументы забралі.

Затрыманы віцебскі незалежны журналіст Уладзімер Лунёў, які ехаў у аўтамабілі. Даставілі ў Першамайскі РУУС Віцебска. Журналістка з Глыбокага Тацяна Смоткіна піша на Facebook: «Сяджу ў Лепельскім РАУСе. Спынілі, бо ехалі з бел-чырвона-белым сцягам у машыне»

На выездзе з горада Слуцка  Віталя Амяльковіча і яшчэ аднаго актывіста Пятра Матанскага затрымалі, калі яны спрабавалі спыніць самаход, каб даехаць у Менск аўтаспынам. Іх вязуць у Слуцкі РАУС.

У Навагрудку мерапрыемства ў гонар БНР адмянілі:  «Адменена запланаванае на сёння, 25 сакавіка, мерапрыемства, прысвечанае БНР, у Навагрудскім краязнаўчым музеі, — паведамляе чытач «Нашай Нівы» Дзмітрый Солтан. — Навагрудак стаў бадай адзіным горадам, дзе на 25 сакавіка ўсё адмянілі па ініцыятыве зверху".
У Віцебску схапілі Міколу Качурца. Быў каля Альгерда, прыйшоў са сцягам. Зараз у Кастрычніцкім РАУСе, - паведамляе Таццяна Севярынец.

Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Алесь Масюк і Павел Севасцьян на маршрутцы ехалі ў Менск. Са Слоніма ім выехаць удалося спакойна, так, як адзін з сяброў згуртавання Іван Бедка быў затрыманы ў Слоніме. Падчас руху па трасе Баранавічы – Менск маршрутку спынілі на тэрыторыі Карэліцкага раёна і з яе высадзілі Алеся Масюка і Паўла Севасцьяна. Слонімцаў адвезлі ў Карэліцкі РАУС. Цяпер яны знаходзяцца ў Карэлічах. Пра гэта піша Радыё Рацыя.
У Магілёве пачалі выпускаць тых, каго затрымалі па дарозе на Мінск 6 гадзін таму. У Бабруйску таксама адпусцілі ўсіх.

Толькі што з Маладэчанскага РАУС выпусцілі Алеся Абрамовіча, якога пратрымалі там 10 гадзін. На прыступках яму стала кепска, патэлефанаваў і папрасіў выклікаць хуткую. Хуткая забрала актывіста.

Ужо суткі ў бабруйскім СІЗА працягваюцца катаванні адной з заяўніц акцыі да 100-годдзя БНР у Бабруйску - Таісіі Кабанчук. Міліцыянты адмаўляюцца перадаць ваду, ежу і неабходныя лекі, паведамляе ў фэйсбуку Аег Аксёнаў.

Таксама цэлы дзень невядома пра знаходжанне магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча, сябра аргкамітэта па стварэнню парты БСДП Народная грамада (Статкевіча). Ён накіроўваўся ў Менска на шэсце, але невядома, ці трапіў ён у сталіцу ўвогуле. Бацькі таксама не ведаюць, дзе ён. Знайшоўся ў ізалятары часовага ўтрымання.

Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі запланавала на 25 сакавіка правядзенне спецыяльнай аперацыі "Фільтр" з не зусім зразумелымі мэтамі і задачамі. Існуе верагоднасць, што такім чынам улады спрабуюць спыніць аўтатранспарт, на якім многія рэгіянальныя актывісты дабіраюцца да Мінску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства