Праблемы і правы студэнтаў Беларусі абмеркавалі на сустрэчы ў Стакгольме Відэа
Праваабронцы “Вясны” прынялі ўдзел у сустрэчы ў межах інфармацыйнага тыдня “Дні Беларусі ў Стакгольме”, дзе значная частка дыскусіі была прысвечана праблемам студэнцкага самакіравання, удзелу Беларусі ў Балонскім працэсе, а таксама кампаніі “Дамо рэпрэсіям урок”.
У сустрэчы прынялі ўдзел міжнародны сакратар ЗБС Аляксандра Кузьміч, сябра Рады ПЦ “Вясна” Зміцер Салаўёў і рэпрэсаваны студэнт Юрый Лукашэвіч.
“У Беларусі мы бачым, што менавіта тыя студэнты, якія мысляць свабодна і маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, падвяграюцца рэпрэсіям: адлічваюцца з універсітэтаў альбо караюцца іншымі спосабамі.
Гэта непрымальна! І мы ў Östgruppen лічым, што трэба надаваць больш увагі гэтай праблеме і на міжнародным узроўні. Таму мы далучыліся да кампаніі “Дамо рэпрэсіям урок” і заклікаем іншыя арганізацыі рэагаваць на парушэнне правоў чалавека ў беларусіх універсітэтах”, - пракаментаваў сітуацыю старшыня Östgruppen Марцін Угла.
У межах супольнай кампаніі па абароне студэнтаў, адлічаных з навучальных устаноў за сваю грамадска-палітычную дзейнасць, праваабарончай арганізацыяй Libereco, Östgruppen, ПЦ "Вясна" і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў створаны шэраг відэарасповядаў удзельнікаў пратэстных акцый, якія ў лютым і сакавіку 2017 года адбыліся ў розных гарадах Беларусі.
Глядзіце гісторыі адлічаных студэнтаў: Юрыя Лукашэвіча, Ігара Неліповіча, Глеба Вайкуля, Крысціяна Шынкевіча, Арцёма Леўчанкі, Насты Пілюгінай, Пятра Маркелава, Ганны Смілевіч.