viasna on patreon

Суд у Берасці задаволіў скаргу Кабанава і Пятрухіна, штраф адменены, а фэйсбук па-ранейшаму - не СМІ Дапоўнена

2018 2018-04-11T13:24:00+0300 2018-04-11T13:41:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kabanau-vialichkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Вялічкін, Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў каля будынку суда.

Уладзімір Вялічкін, Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў каля будынку суда.

Брэсцкі абласны суд разгледзеў 11 красавіка скаргі блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна на пастанову суда Пінскага раёна, які вынес рашэнне пакараць іх штрафам у памеры 40 базавых велічыняў кожнага. Суддзя з Пінску Вольга Лубнік прызнала іх вінаватымі ў парушэнні ч.2 арт. 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Пікантнасць сітуацыі палягае ў тым, што суддзя пад час судовага паседжання 12 сакавіка публічна прызнала сацыяльную сетку Facebook і відэахостынг Youtube сродкамі масавай інфармацыі.

“Берасцейская Вясна” падрабязна распавядае пра сутнасць справы. 19 студзеня 2018 г. блогеры прыехалі на прадпрыемства EXIDE ў горад Пінск для таго, каб пагаварыць са спецыялістамі прадпрыемства аб экалогіі, адходах і іншых рэчах, якія цікавяць ініцыятыўную групу па прыпыненні будаўніцтва завода АКБ пад Брэстам. На прахадной паміж блогерамі і юрысконсультам EXIDE Аляксандрам Юнкевічам, які выйшаў ім насустрач, ўзнікла непаразуменне – работнік EXIDE пачаў кідацца на камеру Сяргея Пятрухіна і крычаць, што ён не дазваляў відэаздымку.

Аляксандр Юнкевіч сказаў сваім калегам мужчыне з барадой і жанчыне бландынцы: «Выклікайце Дэпартамент аховы. Націскайце трывожную кнопку».

Гледзячы, што юрысконсульт вядзе сябе, мякка кажучы, дзіўна, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін дасталі тэлефоны і пачалі прамыя трансляцыі. Кабанаў на свой Facebook, а Пятрухін ў Youtube. 

Юрысконсульт напісаў на блогераў заяву ў міліцыю і 12 сакавіка 2018 года адбыўся суд.

***

Сёння пры разглядзе скаргі былі заяўленыя хадайніцтвы. Па інфармацыі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, Пятрухін прасіў суд далучыць да матэрыялаў справы відэа, дзе бачныя неадэкватныя паводзіны Юнкевіча і матэрыялы аб тым, што Ютуб не з’яўляецца СМІ. Хадайніцтва адхіленае. Адхілены і адвод суддзі.

Высвятлілася, што рэдактар "Брэсцкага кур'ера", дзе блогеры працуюць пазаштатна, не даваў ім рэдакцыйнага задання. 

Суддзя Руслана Сянько выносіць рашэнне: адміністрацыйную справу спыніць і адмяніць пастанову суда Пінскага раёна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства