viasna on patreon

Пракуратура і СК не хочуць разбірацца з адвольным затрыманнем назіральнікаў. Таццяну Мастыкіну выклікаюць у суд

2018 2018-05-02T18:00:00+0300 2018-05-07T13:06:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tarasay_zatrymanne-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назіральнікі накіравалі калектыўныя скаргі ў Пракуратуру Савецкага раёна г. Мінска і Упраўленне Следчага камітэта па г. Мінску па факце незаконнага затрымання 25 сакавіка перад назіраннем “Дня Волі” у Мінску і ўтрымання ў РУУС Савецкага раёна.

Назіральнікі Наста Лойка, Ігар Багачык, Таццяна Мастыкіна, Максім Кавалёў, Андрэй Крэчка і Ганна Саханкова былі затрыманыя супрацоўнікамі ў цывільным, нягледзячы на бэйджы назіральнікаў і сінія камізэлькі з надпісам "#СontrolBY", а таксама на ліст з інфармацыяй пра мэты і парадак назірання ад БХК, які быў адпраўлены у ГУУС Мінгарвыканкама яшчэ 20 сакавіка.

Аперацыяй па затрыманні назіральнікаў кіраваў намеснік кіраўніка мінскага АМАПу Аляксей Тарасаў, які год таму кіраваў затрыманнем больш за 50 назіральнікаў на офісе Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

 Аляксей Тарасаў затрымлівае назіральнікаў. Фота Кацярыны Бахвалавай, Белсат

У сваіх скаргах назіральнікі ўказвалі на шэраг парушэнняў іх правоў. Так, затрыманых доўгі час трымалі тварам да сцяны ва ўнутраным дворыку РУУС, супрацоўнікі міліцыі не прадстаўляліся, адбіралі рэчы, нават нацельныя крыжы, завушніцы, не выдавалі копіі пратаколу выняцця асабістых рэчаў, а пратаколы затрымання прадставілі толькі праз пяць-шэсць гадзінаў разам з пратаколамі аб адміністрацыйным правапарушэнні, у якія былі ўпісаны зусім не тыя супрацоўнікі АМАПу, што праводзілі затрыманне. Акрамя гэтага, груба было парушана права на абарону: адвакатаў да назіральнікаў не пускалі, супрацоўнікі РУУС сцвярджалі, што іх у аддзяленне не дастаўлялі. У Ганны Саханковай без складання пратаколу, а ў Таццяны Мастыкінай з прымяненнем сілы і без рашэння суда аб здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, былі адабраныя адбіткі пальцаў і зроблена фота- і відэафіксацыя ў парушэнне закона “Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі”.

“Нам далі падпісаць дакумент пра тое, што мы павінны з’явіцца ў суд Савецкага раёна г. Мінска 26 сакавіка да 12.00, інакш “справы разгледзяць без нас”. На наступны дзень мы прыехалі ў суд, аднак нашых матэрыялаў справаў там не аказалася, суды не адбыліся. Такім чынам, нас незаконна затрымалі і пратрымалі ў РУУС Савецкага раёна на працягу ад шасці да васьмі гадзінаў без прадастаўлення ежы, вады, гігіенічных сродкаў”, - адзначылі затрыманыя ў адной са сваіх скаргаў.

Пракуратуру назіральнікі прасілі выпатрабаваць з РУУС матэрыялы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да іх, выдаць пісьмовыя ўказанні пра спыненні справаў, праверыць законнасць адміністрацыйнага затрымання і выняцця рэчаў, а таксама вынесці прадпісанне аб выключэнні з базы дадзеных дактыласкапічнай інфармацыі Ганны Саханковай і Таццяны Мастыкінай. А Следчы камітэт – правесці праверку і даць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай адказнасці.

Днямі назіральнікі атрымалі адказы на свае скаргі. Так, Пракуратура перанакіравала зварот назіральнікаў старшыні суда Савецкага раёна, які ў сваю чаргу адмахнуўся, спаслаўшыся на тое, што да іх не паступалі матэрыялы аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах да Насты Лойкі, Ігара Багачыка, Таццяны Мастыкінай, Максіма Кавалёва, Андрэя Крэчкі, Ганны Саханковай, і вярнуў калектыўны зварот пракурору Савецкага раёна г. Мінска для разгляду па сутнасці.

Следчы камітэт указаў, што ў прадстаўленных заяве і дадатках да яе, куды ўваходзілі ліст ад РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” у ГУУС, фота затрымання, заява ад прэс-секратара вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Майя Качыянчыч, заява ад Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, партнёрскай праграмы FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў, заява ад Front Line Defenders і індывідуальныя апісанні падзеяў, не прадстаўленыя дастатковыя аб’ектыўныя дадзеныя, якія б указвалі на наяўнасць у дзеяннях службовых асобаў РУУС Савецкага раёна прыкметаў якога-небудзь злачынства, у тым ліку здзейсненнага ў звязку з іх службовай або прафесійнай дзейнасцю.

“У вашай заяве фактычна абскарджваюцца дзеянні і рашэнні службовых асобаў органа, які вядзе адміністрацыйны працэс. У сувязі з гэтым Вам тлумачыцца, што разгляд скаргаў на ўказаныя дзеянні і рашэнні не ўваходзіць у кампетэнцыю Следчага камітэта”, - напісаў у адказе намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па г. Мінску  Віталь Бялкоўскі і перанакіраваў заяву назіральнікаў для разгляду ў адпаведнасці з кампетэнцыяй у ГУУС Мінгарвыканкама.

У той жа час, стала вядома, што 2 траўня смс-паведамленнем Таццяну Мастыкіну выклікалі на судовае паседжанне па разглядзе адміністрацыйных справаў па арт. 23.34 і 23.4 КаАП у адносінах да яе, якое адбудзецца 8 траўня ў 15.40 у судзе Першамайскага раёна г. Мінска. Пры гэтым дагэтуль абаронцу дзяўчыны не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы, хоць яна звярталася ў РУУС з адпаведнай заявай.

У судзе Савецкага раёна назіральнікам паведамілі, што іх справы паступалі для разгляду, але былі вернутыя ў РУУС на дапрацоўку.

Нагадаем, каля 12 гадзінаў 25 сакавіка 2018 года сямёра назіральнікаў ад БХК і "Вясны" былі затрыманыя перад пачаткам несанкцыянаванай дэманстрацыі на плошчы Якуба Коласа ў Мінску, арганізаванай у азнаменаванне 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Іх даставілі ў РУУС Савецкага раёна, дзе пратрымалі да сама вечара, а пасля складання пратаколаў на большую частку з іх - выпусцілі з пастарунку. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства