Алесь Масюк: "Міліцыя парушыла закон, бо адказ нам далі больш, чым праз месяц"
Па інфармацыі “Радыё Рацыя”, актывістам Паўлу Севасцьяну і Алесю Масюку міліцыя нарэшце адказала, чаму 25 сакавіка маршрутку Слонім-Мінск затрымалі ў Карэлічах на некалькі гадзін.
25 сакавіка па дарозе на Мінск на тэрыторыі Карэліцкага раёна была спынена супрацоўнікамі Карэліцкага РАУС адна са слонімскіх маршрутак, у якой некалькі сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл ехалі на святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Маршрутку з пасажырамі на Мінск затрымалі некалькі гадзін у Карэлічах, а потым адпусцілі. Так слонімцы не змаглі трапіць своечасова ў Мінск, а таксама на святкаванне.
Гэты адказ пракаментаваў Алесь Масюк:
”Міліцыя парушыла закон аб звароце грамадзян, бо адказ нам далі больш, чым праз месяц з моманту напісання скаргі. Калі маршрутку спынілі на трасе Берасце-Менск, пасля праверкі дакументаў кіроўца аб’явіў, што трэба праехаць для невялічкай праверкі дакументаў на перавозку пасажыраў у Карэліцкі РАУС. Размовы пра тое, што кіроўца, магчыма, выпіўшы, не было. Бо калі б такое было, тады міліцыя не дазволіла кіроўцу сесці за руль і ехаць з пасажырамі ў Карэлічы. Таксама кіроўцу павезлі б не ў РАУС, а ў лякарню, каб праверыць кроў на ўтрыманне алкаголю. Маршрутка аднаначна была затрымана без усялякіх законных падстаў. Прычыну затрымання міліцыя выдумала на хаду. Галоўная задача міліцыі была – затрымаць на пэўны час маршрутку. Пры неабходнасці ўсе праверкі можна было хутка правесці на месцы, дзе была спынена маршрутка, а не ехаць у Карэліцкі РАУС, каб там трымаць людзей без тлумачэння прычын амаль тры гадзіны. Карацей кажучы, адказ начальніка Карэліцкага РАУС – гэта прыдуманая казка ад Карэліцкага РАУС.