viasna on patreon

Amnesty International заявіла пра глабальную акцыю ў падтрымку вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі

2018 2018-05-10T08:14:22+0300 2018-05-10T08:42:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palienka-amnesty_24.08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Паліенка. Фота belapan.com

Дзмітрый Паліенка. Фота belapan.com

Вязень сумлення Дзмітрый Паліенка свой дзень народзінаў, які прыпадае на суботу, 26 траўня, вымушаны будзе сустракаць за кратамі.

“Давайце паспрабуем падарыць яму свабоду!”, - заклікае міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, распачынаючы глабальную акцыю ў падтрымку Дзмітрыя Паліенкі.

“23-гадовы беларускі актывіст Дзмітрый Паліенка адбывае два гады турэмнага зняволення за мірны супраціў абмежаванням роварнага руху. У кастрычніку 2016 года яго прызналі вінаватым у “гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” і “вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”. Пасля яго пераводу ў калонію ў красавіку 2017 года Amnesty International атрымала паслядоўныя звесткі аб тым, што Дзмітрый Паліенка стаў ахвярай асаблівага і жорсткага абыходжання з боку адміністрацыі калоніі. Штомесяц ён праводзіць дзесяць дзён у штрафным ізалятары, а штомесячная сума грошай для асабістага карыстання была скарочаная на траціну. Да палітвязня не даходзіць пошта, а некаторыя з ягоных лістоў так і не трапляюць да адрасатаў. Дзмітрый Паліенка з'яўляецца вязнем сумлення і павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены”, – паведамляецца ў звароце Amnesty International.

Amnesty International прапануе заклікаць Генеральнага пракурора неадкладна і безумоўна вызваліць Дзмітрыя Паліенку, паколькі ён з'яўляецца вязнем сумлення, пазбаўленым свабоды выключна праз мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і сходаў.

Куды звяртацца:

Генеральны пракурор Аляксандр Канюк

Вул. Інтэрнацыянальная, 22

220030, Мінск, Беларусь

Факс: +375 172 26 41 66

E-mail: info@prokuratura.gov.by

Facebook / VKontakte / Instagram: prokuraturaby

Twitter: @prokuraturab

 Amnesty International таксама заклікае далучыцца да глабальнай акцыі салідарнасці:

“Давайце закідаем адміністрацыю калоніі паштоўкамі для Дзмітрыя (па адрасе, прыведзеным ніжэй). Адміністрацыя калоніі не можа ігнараваць сотні віншаванняў з днём нараджэння!

 Дадайце віншавальнае паведамленне:

“Дасылаю вам салiдарнасць у падарунак — З Днём Нараджэння!” або “Чалавек, пра якога памятаюць, нiколi не застанецца сам-насам. Вiншую з Днём Нараджэння!”

 Куды пісаць:

Дзмітрый Паліенка

Папраўчая калонія № 2

Вул. Сікорскага, 1

Атрад 9

212800, Бабруйск, Беларусь

ПЦ “Вясна” нагадвае, у красавіку 2017 года беларуская праваабарончая супольнасць заявіла аб тым, што пазбаўленне волі Зміцера Паліенкі дазваляе кваліфікаваць яго як палітычнага зняволенага.

22 жніўня 2017 года Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення і заклікала беларускія ўлады «неадкладна і без умоваў вызваліць» хлопца, які «быў зняволены выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў».

Больш падрабязна пра пераслед Дзмітрыя Паліенкі – тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства