viasna on patreon

„Спыніць пераслед незалежных прафсаюзаў у Беларусі!”

2018 2018-05-25T12:11:45+0300 2018-05-25T12:38:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/piket.-rep-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па ўсёй Беларусі з 30 траўня па 1 чэрвеня пройдуць пікеты салідарнасці прафсаюза РЭП пад лозунгамі „Спыніць пераслед незалежных прафсаюзаў у Беларусі!”, „Спыніць крымінальную справу супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка!” Мэта акцый: выказаць салідарнасць з абвінавачанымі па крымінальнай справе кіраўнікамі прафсаюза і пратэст супраць ціску на іх прафсаюз.

“Гарадзенская вясна” перадае, што ў Лідзе ўжо адбылася акцыя салідарнасці з лідарамі прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам ды Ігарам Комлікам, якія абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

Арганізатары акцыі і сябры РЭПа каментуюць “Справу прафсаюзаў”:

"Зразумела, што гэты ўвесь працэс палітычны. Ніякіх асаблівых парушэнняў у іх не было. Проста яны ў свой час вывелі шмат людзей і гэта напалохала ўладу", - кажа Уладзімір Круцікаў.

"Таму што цяпер манаполія ўлады на грамадскі рух губляецца. У нас ёсць БРСМ, ёсць нейкія пенсіянеры, нейкі саюз жанчын і ўсё астатняе, каторыя ў купе трымае у сваіх руках Лукашэнка. Ён ўбачыў, што ёсць людзі, якія вядуць сябе самастойна і таму, асноўных кіраўнікоў трэба пусціць пад нож", - адзначае Сяргей Сідарэнка.

Раней стала вядома, што актывіст незалежнага прафсаюза РЭП у Рэчыцы Аляксандр Навуменка падаў заяўку ў мясцовы райвыканкам на правядзенне ў райцэнтры 1 чэрвеня пікету пратэсту супраць крымінальнага пераследу лідэраў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, але адказу пакуль няма.

Па інфармацыі “Радыё Рацыя” гародзенскія актывісты РЭП таксама падалі заўку на правядзеннне акцыі 1 чэрвеня ў Каложскім парку. Пра заяўку распавёў гародзенскі актывіст прафсаюза РЭП Ігар Банцар:

“У межах рэспубліканскай акцыі па падтрымцы незалежнага прафсаюза РЭП у Гародні падалі заяўку на мерапрыемства, якое мае адбыцца 1 чэрвеня ў Каложскім парку. Тэма мерапрыемства: падтрымка нашых кіраўнікоў РЭПа, супраць якіх незаконна пачатыя крымінальныя справы. Мы хочам проста падтрымаць іх і гэта будзе адбывацца па ўсёй краіне, ва ўсіх гарадах, дзе існуюць нармальныя ячэйкі незалежнага прафсаюза”.

Аналагічная заяўка была накіравана ў Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт. Пікет запланаваны на 30 траўня з 13 да 14 гадзін у Старым парку. Кіраўнік Баранавіцкай суполкі прафсаюза Рыгор Грык адзначае:

"Яны да гэтай пары не парушалі ніякага закону, а зараз у 2011 годзе знайшлі нейкія парушэнні. Чаму тады не затрымалі? Пераследуецца  прафсаюз за тое, што актыўна ўдзельнічаў падчас акцый супраць „дэкрэту аб дармаедах”. Выцясняецца ўсё, што дапамагае людзям, таму што прафсаюз аказвае шмат дапамогі простым людзям".

На сёння вядома, што заяўкі на правядзенне акцый пратэсту пададзены ў трох месцах г. Мінска, Гомелі, Калінкавічах, Светлагорску, Рэчыцы, Ветцы, Брэсце, Баранавічах, Магілёве, Бабруйску, Круглым, Слоніме і Наваполацку.

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавядае сайту palitviazni.info:

“Справа складаецца з 11 тамоў, у кожным томе — больш чым па 300 старонак. Мы працягваем знаёміцца ў Следчым камітэце з матэрыяламі справы. Тэрмін азнаямлення — да 8 чэрвеня. Пасля гэтага справа пойдзе ў Пракуратуру, а далей – у суд. Пакуль прачытаў толькі чатыры тамы. Два тамы складаюць толькі экспертызы. Забралі ж нашы камп’ютары, флэшкі, аналізавалі нешта. Дарэчы, калі вы ўжо зрабілі экспертызу, калі расследванне скончана, то чаму гэтую тэхніку нам не вяртаеце? Навошта ўскладняеце працу прафсаюзу? У следчых на гэта адзін адказ – пасля суда”.

На думку Фядыніча, суд можа адбыцца ўжо напрыканцы наступнага месяца альбо ў ліпені.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства