viasna on patreon

Адміністрацыя калоніі пагражае прызнаць Пятра Кучуру псіхічна хворым

2018 2018-05-28T16:02:59+0300 2018-05-28T17:13:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuchura-svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Як паведаміла жонка асуджанага Людміла Кучура, скаргу яе мужа на імя начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў знішчыла адміністрацыя калоніі, а яго самаго хочуць прынаць псіхічна хворым.

У сваёй скарзе Пётр Кучура апісваў факты перадузятага стаўлення да яго з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №15 г. Магілёва. Аднак, ліст быў выняты і знішчаны, а асуджанага выклікалі да начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі.

“Па словах мужа, начальнік быў вельмі раззлаваны, крычаў на яго, лаяўся і заявіў Пятру, што пазбаўляе яго працяглага спаткання, якое павінна быць у ліпені. Пасля гэтага мужа па ўказанні Аляксея Лазарэнкі псіхолаг адвёў у медчастку для таго, каб правесці агляд і прызнаць псіхічна хворым. Пры гэтым псіхолага казаў, што мой муж ніякага ліста не пісаў і не адпраўляў, а гэта ўсё яго хворае ўяўленне”, - піша Людміла Кучура ў сваёй скарзе ў Пракуратуру па Магілёўскай вобласці.

Жанчына адзначае, што такімі дзеяннямі адміністрацыя калоніі, у прыватнасці сам Аляксей Лазарэнка, парушыў п. 55 Правілаў унутранага распарадку папраўчых установаў, дзе ўказана, што кожны асуджаны мае права на ветлівы зварот з боку супрацоўнікаў ПУ, а таксама звяртацца з прапановамі, заявамі і скаргамі да адміністрацыі ўстановы і прадпрыемстваў, на якім асуджаныя прыцягваюцца да працы, у вышэйстаячыя органы крымінальна-выканаўчай сістэмы, суд, органы пракуратуры, дзяржаўнай улады і ўпраўлення, грамадскія аб’яднанні, у міждзяржаўныя органы па абароне правоў і свабодаў чалавека.

Больш за тое, асуджаныя маюць права на абарону здароўя і асабістую бяспеку, набываць прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці, мець спатканні, атрымоўваць пасылкі, перадачы, грашовыя пераводы, весці перапіску і тэлефонныя перамовы.

Пункт 151 Правілаў указвае, што прапановы, заявы і скаргі, накіраваныя ў органы, якія ажыцяўляюць кантроль і нагляд за дзейнасцю ўстановаў, выконваючых крымінальныя пакаранні, прагляду і цэнзуры не падлягаюць і не пазней, чым у суткавы тэрмін адпраўляюцца па прыналежнасці.

Людміла Кучура лічыць, што начальнік ПК №15 г. Магілёва наўмысна перавысіў сваі службовыя паўнамоцтвы, якія пацягнулі прычыненне значнай шкоды правам і законым інтарэсам асуджанага, а значыць за такія дзеянні Аляксей Лазарэнка можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Жонка Пятра Кучуры просіць пракурора па Магілёўскай вобласці правесці праверку для ўстанаўлення абставінаў таго, што адбылося, а пры наяўнасці падставаў - накіраваць матэрыялы праверкі ў следчы камітэт для прыняцца рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да начальніка папраўчай калоніі.

Людміла Кучура па гэтых фактах накіравала скаргу і начальніку ДВП Алегу Маткіну, у якой прасіла прыняць меры ў дачыненні да Аляксея Лазарэнкі і забяспечыць яе мужу законую магчымасць накіраваць на адрас Дэпартамента зварот, які не падлягае цэнзуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства