viasna on patreon

Ларысу Шчыракову аштрафавалі за асвятленне галадоўкі ўдзельніц руху «Маці 328»

2018 2018-05-29T11:57:04+0300 2018-05-29T11:57:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shchyrakova_z.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Шчыракова з удзельніцамі галадоўкі ад руху «Маці 328». Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку

Ларыса Шчыракова з удзельніцамі галадоўкі ад руху «Маці 328». Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку

Cуд Калінкавіцкага раёна 28 траўня пакараў незалежную журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову буйным штрафам паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пастанову на штраф у памеры 40 базавых велічыняў (980 рублёў) вынесла суддзя Святлана Кугейка. Яна прызнала журналістку вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканала “Белсат”. Аднак, Ларыса Шчыракова стрыміла падзеі, звязаныя з галадоўкай шасцёх маці на вуліцы Катоўскага ў Калінкавічах, на сваю старонку ў Facebook, адкуль зацікаўленыя медыярэсурсы і бралі відэаінфармацыю.

У суд Ларыса Шчыракова прыйшла з марлевай павязкай на вуснах. Зняла яе перад тым, як даваць тлумачэнні. Журналістка заявіла, што не давярае беларускаму правасуддзю ў палітычных справах, якой, на яе думку, з’яўляецца і асвятленне галадоўкі «Маці 328». Патлумачыла, што як грамадзянка яна мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю – ніякага дазволу ні ад кога на гэта не патрэбна.

“Пераследамі і штрафамі міліцыя і суды хочуць заткнуць рот незалежным журналістам, каб яны не асвятлялі надзённыя праблемы людзей. Ніхто з афіцыйных СМІ за два тыдні галадоўкі мацярок, чые дзеці асуджаныя на вялікія тэрміны за спажыванне наркотыкаў, так і не наведаў галадоўніц, не выслухаў іх”, — кажа Шчыракова.

Падтрымаць незалежную журналістку ў судзе прыехалі каля двух дзясяткаў гараджан, у тым ліку і самі галадоўніцы — Алена Казакова з Калінкавіч і Святлана Багдановіч з Мазыра.

“У галаве не ўкладваецца, за што такія вар’яцкія штрафы? Што журналістка расказала праўду пра нас? Што нас нарэшце пачулі ўлады і няхай хоць і невялікі, але зрух адбыўся ў справе перагляду заканадаўства  і, спадзяюся,  практыкі  прымянення крымінальнага артыкула 328 пра незаконны абарот наркатычных рэчываў”, — заўважае Алена Казакова, якая прадаставіла сваю кватэру для пратэстнай галадоўкі.

Накладзены раённым судом штраф Ларыса Шчыракова мае намер абскардзіць у Гомельскім абласным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства