Сьвятлана Завадзкая расчараваная допытам у пракуратуры (Радыё Свабода).
16 сьнежня Сьвятлана Завадзкая была выкліканая на допыт у пракуратуру Беларусі з прычыны аднаўленьня расьсьледаваньня крымінальнай справы аб зьнікненьня яе мужа, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Паколькі Сьвятлана Завадзкая дала падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў сьледзтва, яна адмовілася паведаміць, якія пытаньні задаваў ёй сьледчы Іван Бранчаль. Але заўважыла, што гэта былі пытаньні, на якія яна ўжо адказвала цягам папярэдніх допытаў. “У мяне склалася ўражаньне, што сьледчы пытаўся фармальна, што мае адказы ён добра ведае, больш за тое, ведае і тое, што невядома пра лёс мужа мне. Я зноў была расчараваная допытам. Дарэчы, сьледчы і не хаваў, што гэта часовае аднаўленьне расьсьледаваньня справы і хутка яго зноў прыпыняць”, — паведаміла Сьвятлана Завадзкая Радыё Свабода.