Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2018
Высновы:
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка, у падтрымку якога міжнародная арганізацыя распачала глабальную акцыю салідарнасці;
- 8 траўня лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 234 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Праваабарончая супольнасць краіны патрабуе неадкладнага спынення палітычна матываванага крымінальнага пераследу ў дачыненні да актывістаў;
- у дачыненні да актывіста «Маладога фронту» Уладзіміра Яроменкі судом быў устаноўлены прэвентыўны нагляд, невыкананне ўмоў якога можа служыць падставай для пазбаўлення волі;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя выпадкі затрыманняў і ціску на блогераў і незалежных журналістаў, а таксама пераслед удзельнікаў мірных сходаў;
- 25 траўня Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь адмовіў у задавальненні скаргі аргкамітэта па стварэнні партыі БХД на рашэнне Мінюста аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Варта адзначыць, што гэта была сёмая спроба рэгістрацыі дадзенай партыі;
- у Палату прадстаўнікоў быў накіраваны распрацаваны Саветам міністраў законапраект, які прадугледжвае адмену арт. 193.1 КК і замену крымінальнай адказнасці за арганізацыю або ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый на адміністрацыйную ў выглядзе штрафу ў памеры 50 б.в. Адзначаючы дадзены крок уладаў як пазітыўны, праваабарончая супольнасць краіны, тым не менш, настойвае на поўнай адмене якой-небудзь адказнасці за мірную рэалізацыю свабоды асацыяцыяў грамадзянамі;
- 29 траўня ў час апеляцыйнага разгляду крымінальнай справы асуджаных да расстрэлу Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарко ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь стала вядома пра расстрэл ў ноч з 15 на 16 траўня двух асуджаных да смерці — Аляксея Міхалені і Віктара Лётава;
- такім чынам, якіх-небудзь істотных зменаў, накіраваных на якасныя змены ў галіне правоў чалавека, у траўні зафіксавана не было.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
8 траўня лідарам Беларускага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўлена канчатковае абвінавачанне па ч. 2 арт. 234 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Ім прадастаўлены месяц для азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы, пасля чаго справа будзе накіравана ў суд. Варта нагадаць, што праваабарончая супольнасць патрабуе спынення крымінальнага пераследу актывістаў прафсаюзнага руху, лічачы яго яўна палітычна матываваным. Таксама ў пастанове Следчага камітэта было ўказана, што крымінальны пераслед у дачыненні да неўстаноўленых асобаў, якія праходзілі па гэтай крымінальнай справе, спынены 7 траўня 2018 г. з прычыны іх адсутнасці.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла пра пачатак глабальнай акцыі ў падтрымку вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі. Да дадзенай акцыі далучыўся і ПЦ “Вясна”.
Па паведамленні Еўрарадыё, у дачыненні да актывіста «Маладога фронту» Уладзіміра Яроменкі суд устанавіў прэвентыўны нагляд на шэсць месяцаў. Падставай да такога рашэння суда паслужыў адміністрацыйны арышт на трое сутак, вынесены актывісту яшчэ вясной 2017 году за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра паблізу месца масавых пакаранняў смерцю і пахавання ахвяраў сталінскага тэрору, а таксама не пагашаная судзімасць у сувязі з асуджэннем Уладзіміра да пазбаўлення волі за ўдзел у “масавых беспарадках” 19 снежня 2010 года.
Вясной 2017 года Уладзімір не змог адбыць дадзены адміністрацыйны арышт у сувязі з тым, што быў затрыманы ў якасці падазраванага па т.зв. «справе патрыётаў». Пазней ён быў вызвалены без прад'яўлення якога-небудзь афіцыйнага абвінавачання. Зараз у сувязі з усталяваннем прэвентыўнага нагляду ён павінен знаходзіцца дома з 22 гадзін вечара да 6-й раніцы. За парушэнне нагляду Уладзіміру можа пагражаць крымінальны пераслед і пазбаўленне волі.
ПЦ “Вясна” адназначна расцэньвае гэты факт як палітычна матываваны пераслед актывіста апазіцыйнай да існуючага палітычнага рэжыму ў краіне арганізацыі «Малады фронт».
Ціск на праваабаронцаў
Шведская праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders заклікала беларускія ўлады зняць усе абвінавачанні з валанцёркі ПЦ “Вясна” Таццяны Мастыкінай, затрыманай за ажыццяўленне назірання за мірным сходам 25 сакавіка 2018 г. у г. Мінску ў раёне плошчы Якуба Коласа.
Між тым, 8 траўня суд Першамайскага раёна г. Мінска накіраваў матэрыялы адміністрацыйнай справы, узбуджанай па арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі) КаАП у дачыненні да Таццяны Мастыкінай, у орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, для ліквідацыі недахопаў.
Напярэдадні ПЦ “Вясна” і БХК выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі неадкладна спыніць ціск на Таццяну ў сувязі з легітымным ажыццяўленнем ёю праваабарончай дзейнасці.
Абскарджанне факту затрыманняў валанцёраў-назіральнікаў і правядзення незаконнай дактыласкапіі ў дачыненні да некаторых затрыманых у пракуратуру Савецкага раёна г. Мінска чаканых вынікаў не прынесла: пракурор Савецкага р-на г. Мінска А.М. Мурашка ў сваім адказе на скаргу заяўнікаў паказаў, што затрыманне назіральнікаў было праведзена законна і пры наяўнасці дастатковых падстаў, прадугледжаных законам. У частцы правядзення працэдуры дактыласкапіі ў дачыненні да затрыманай Таццяны Мастыкінай таксама, на яго думку, была праведзена ў строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Свабода асацыяцый
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь апублікаваны праект змяненняў у Крымінальны кодэкс, падрыхтаваны Саветам міністраў. Згодна з праектам закона, плануецца адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжваў крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Варта адзначыць, што праваабарончая супольнасць на працягу многіх гадоў патрабуе ад уладаў краіны дэкрыміналізаваць дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый і разглядае гэта як адну з першачарговых мер аднаўленчага характару. Таксама праект закона прадугледжвае ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за тую ж дзейнасць.
У сувязі з гэтым шэраг праваабарончых арганізацый выступіў з заявай, у якой яны адзначылі меры па адмене артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса як важны і неабходны крок у накірунку паляпшэньня стану са свабодай асацыяцыяў у Беларусі. Разам з гэтым, праваабаронцы канстатавалі, што намер замяніць крымінальную адказнасць за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацый на адміністрацыйную сведчыць аб адсутнасці палітычнай волі да забеспячэння свабоды асацыяцыяў у нашай краіне і заклікалі парламент пры разглядзе адзначанага законапраекта выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193.1 і прагаласаваць супраць увядзення адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе дапаўненні КаАП артыкулам 23.88, пачаць публічнае абмеркаванне з усімі зацікаўленымі суб'ектамі далейшых змяненняў заканадаўства, якое рэгулюе стварэнне і дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Між тым, для шэрагу дэмакратычных аб'яднанняў у спробах атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю Міністэрствам юстыцыі і яго упраўленнямі узведзены непераадольны бар'ер: у апошні час з адмовай у рэгістрацыі, не абумоўленай абмежаваннямі артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, сутыкаліся гісторыка-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Хайсы», культурна-асветніцкая аб'яднанне «Моладзь Адраджэньня», Сацыяльна-хрысціянскі рух. 25 траўня Вярхоўны Суд адмовіў аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў задавальненні скаргі на сёмую па ліку адмову ў рэгістрацыі, якая, па ацэнцы праваабаронцаў, не звязаная з дапушчальнымі абмежаваннямі дзейнасці асацыяцый.
Дыскрымінацыя
20 траўня на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных справаў з'явіўся артыкул гамафобнага зместу пад назвай «Мы за сапраўднае», у якой МУС падкрэслена непрыязна выказвалася пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавага сцяга, які амбасада Вялікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй — 17 траўня.
Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч патлумачыў пазіцыю міністэрства па гэтым пытанні і ў перадачы «Гутарка ў Прэзідэнта» у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» падтрымаў гамафобную заяву МУС.
У адказ на артыкул на наступны дзень неабыякавыя грамадзяне стварылі петыцыю «За сапраўдную міліцыю — для ўсіх», у якой просяць Генеральную пракуратуру правесці праверку законнасці такіх выказванняў з боку МУС, прыбраць дадзены артыкул з афіцыйнага сайта дзяржоргана і надалей ўстрымацца ад каментароў падобнага роду. За тры дні петыцыю падпісалі больш за 1 500 чалавек.
24 траўня сузаснавальніца праекта MAKEOUT.BY Віка Біран сфатаграфавалася з плакатам «Самі вы падробка» на фоне Дома ўрада, будынкаў МУС і КДБ.
28 мая Віка была выкліканая ў РУУС Маскоўскага р-на г. Мінска для ўдзелу ў пачатым у дачыненні да яе адміністрацыйным працэсе. У дачыненні да актывісткі быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). Акрамя таго, участковы, які складаў пратакол, прасіў растлумачыць яму, хто такія ЛГБТ і трансгендары, разважаў на тэму традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і дзяцей.
Між тым Беларусь апынулася на 42-м месцы з 49 еўрапейскіх краінаў у рэйтынгу гамафобіі еўрапейскага падраздзялення міжнароднай асацыяцыі лесбіянак, геяў, бісэксуалаў, трансгендараў і інтэрсэкс-людзей ILGA-Europe. Гэта значыць, што ў нас у краіне ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі вельмі высокі ўзровень нецярпімасці да такіх людзей.
Рэйтынг складзены па шасці параметрах: роўнасць і недыскрымінацыя, магчымасць стварыць сям'ю, забарона на мову варожасці, юрыдычнае прызнанне статусу і магчымасць змяніць пол, магчымасць быць часткай грамадзянскай супольнасці і прадастаўленне прытулку геям, лесбіянкам, бісэксуалам, трансгендарам і інтэрсэкс-людзям.
Парушэнне свабоды мірных сходаў
У Беларусі працягвае парушацца права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў. Ажыццяўленне свайго права без атрымання дазволу мясцовых уладаў цягне буйныя штрафы або адміністрацыйны арышт.
У Брэсце падчас збору подпісаў за адстаўку кіраўнікоў горада, раёна і вобласці, якія далі дазвол на будаўніцтва акумулятарнага завода, 6 траўня супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі трох актывістаў — Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, а таксама Дзмітрыя Андрасюка. Па артыкуле 23.34 КаАП суддзя Дзмітрый Шурын вынес пастанову аб пакаранні штрафам Дзмітрыя Андрасюка ў памеры 20 базавых велічынь. А. Кабанаў і С. Пятрухін атрымалі штрафы ў памеры 50 базавых велічыняў кожны.
Меркаванае будаўніцтва шкоднай вытворчасці ў Брэсце стала падставай для акцыі анархістаў — невядомыя ў масках і з дымавымі шашкамі перакрылі тры паласы трасы М1 на выездзе з Брэста. У руках яны трымалі транспарант «Не заводу АКБ». У сувязі з гэтай мірнай акцыяй у Мінску і Баранавічах супрацоўнікі міліцыі правялі серыю так званых «аглядаў» — без санкцыі пракурора ўрываліся ў жыллё, дзе пражывалі ці былі зарэгістраваныя актывісты анархісцкага руху, часам суправаджаючы гэта адабраннем аргтэхнікі.
14 мая ў Оршы міліцыя затрымала Рамана Кузьмянкова, які арганізаваў адзіночны пікет з плакатам «Па 500 тут няма» ў цэнтры горада. Мірны пратэст быў ацэнены судом у 490 рублёў штрафу. На наступны дзень, як патлумачыў Раман Кузьмянкоў, у яго правялі ператрус у сувязі з абразай нейкага чыноўніка. Праз тыдзень, 21 траўня ён зноў выйшаў на плошчу з пікетам. Рамана затрымалі, але ў той жа дзень суд не адбыўся — Кузьмянкова адправілі на судова-псіхіятрычную экспертызу. 29 траўня Рамана Кузьмянкова прызналі псіхічна здаровым, і суд пакараў яго штрафам у 539 рублёў.
21 мая ў Першамайскім раённым судзе Мінска прызначаны штрафы актывістам Леаніду Кулакову (980 рублёў) і Маі Навумавай (857,5 рублёў). Пакаралі іх за пікет, які прайшоў у Мінску 26 красавіка. Тады некалькі актывістаў выйшлі да Акадэміі навук насупраць месца збору ўдзельнікаў “Чарнобыльскага шляху”. 23 траўня за ўдзел у тым жа пікеце грамадскую актывістку Галіну Лагацкую пакаралі штрафам у памеры 612,5 рублёў. Таксама стала вядома, што 22 траўня адбылося судовае пасяджэнне па аналагічнай справе ў дачыненні да Наталлі Гарачка-Басалыга, аднак аб разглядзе справы ёй ніхто не паведамляў. Ёй штраф вызначаны ў памеры 1 225 рублёў.
Між тым, да гэтага часу застаецца нявызначаным, які характар мелі затрыманні 25 сакавіка гэтага года на плошчы Якуба Коласа ў Мінску, калі былі беспадстаўна затрыманыя супрацоўнікамі АМАПу дзясяткі людзей: ніводнага затрыманага суд не прызнаў вінаватым у парушэнні якіх-небудзь заканадаўчых актаў Беларусі; на некаторых затрыманых былі складзеныя пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), а многіх адпусцілі без складання пратаколаў. Па складзеных пратаколах ужо скончыўся устаноўлены заканадаўствам двухмесячны тэрмін, у межах якога адміністрацыйныя справы павінны быць разгледжаны судом. “Яснасць” у гэтую сітуацыю унёс начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Мінгарвыканкама А. Купчэня, які адказаў на скаргу аднаму з затрыманых на плошчы Якуба Коласа: 25 сакавіка яго не затрымлівалі, а проста прапанавалі прайсці ў Першамайскае РУУС для правядзення прафілактычнай гутаркі.
Парушэнне свабоды слова. Пераслед журналістаў
Незалежны журналіст, былы палітвязень Павел Мажэйка за інтэрв'ю ў прамым эфіры на сайце незалежнага тэлеканала «Белсат» аштрафаваны па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь на 35 базавых велічыняў (857 рублёў).
7 траўня адразу пяцёра журналістаў «Белсат» былі пакараныя за ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці — супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам: Любоў Лунёва і Сяргей Краўчук, Кацярына Андрэева і Ірына Арахоўская, Марына Арцыбашава і паўторна Сяргей Краўчук былі аштрафаваныя на агульную суму ў 4 655 рублёў.
У Калінкавічах за асвятленьне акцыі маці асуджаных незалежная журналістка Ларыса Шчыракова пакараная штрафам у 980 рублёў.
Жорсткае абыходжанне
Камітэт супраць катаванняў ААН распаўсюдзіў Заключныя заўвагі па пятым перыядычным дакладзе Беларусі, у якіх заклікаў Беларусь як дзяржаву-удзельніцу Канвенцыі супраць катаванняў ліквідаваць шматлікія парушэнні, якія ствараюць умовы для катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання; таксама Камітэт звярнуў увагу на парушэнні правоў канкрэтных асобаў.
Прызнаны вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка ў папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйска не атрымлівае эфектыўнага лячэння, адміністрацыя калоніі ігнаруе яго захворванне, што прыносіць палітвязню дадатковыя пакуты акрамя самога факту пазбаўлення волі.
Магдалена Валіньска, жонка брытанскага грамадзяніна Алана Сміта, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 3, звярнулася са скаргай у грамадскую назіральную камісію і прапанавала праінспектаваць ўстанову. Як сцвярджае Магдалена, з самага пачатку кіраўніцтва ВК-3 пачало ствараць праблемы, адмаўляючыся прымаць перадачы. Вязню прыйшлося правесці месяцы без цёплага адзення і базавых прадуктаў. Акрамя таго, да гэтага часу не прынята перадача кніг і газет, прадстаўленая амбасадай Вялікабрытаніі ў Мінску.
З лютага Алан Сміт быў пазбаўлены тэлефанаванняў, адміністрацыя турмы затрымлівае лісты. У скарзе згаданы інцыдэнт моцнага атручвання у ВК-3, калі больш за палову зняволеных было шпіталізавана. Па словах аўтара скаргі, гэты факт хаваецца, і брытанская амбасада не можа атрымаць інфармацыю пра стан здароўя Алана Сміта ўжо больш за месяц.
Смяротнае пакаранне
29 траўня ў 9:30 у Вярхоўным судзе пачаўся разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд Аляксандра Жыльнікава. Мужчына быў асуджаны спачатку да пажыццёвага зняволення, але пасля паўторнага разгляду Мінскім гарадскім судом прысуджаны да вышэйшай меры пакарання.
Падчас суда другі асуджаны па той жа справе — Вячаслаў Сухарко — заявіў, што ў ноч з 15 на 16 траўня з камеры смяротнікаў вывелі Аляксея Міхаленю і Віктара Лётава, з якімі ён сядзеў разам. Паводле яго слоў, іх расстралялі.
30 траўня Вярхоўны Суд адмовіў у задавальненні апеляцыйнай скаргі А. Жыльнікава. Такім чынам, смяротны прысуд, вынесены ў дачыненні да яго і Вячаслава Сухарко, уступіў у законную сілу. На дадзены момант вядома аб чатырох асуджаных на смерць, якія знаходзяцца ў камерах смяротнікаў у СІЗА МУС № 1 г. Мінска ў чаканні растрэлу.