Рэстаранны комплекс у Курапатах: супрацьстаянне грамадскасці і бізнесу Дапоўнена
У 15 гадзін 5 чэрвеня плануецца адкрыццё рэстараннага комплексу «Паедзем, паядзім» каля ўрочышча Курапаты. Па інфармацыі "Новага часу", кіраўніцтва рэстарацыі выклікала міліцыю супраць грамадскіх актывістаў, якія дзяжураць на месцы і маюць намер не дапусціць адкрыцця "рэстарацыі на костках".
Як паведамляе з месца падзяў грамадскі актывіст Леанід Кулакоў, зараз тут сабраліся сустаршыня ствараемай партыі БХД Павел Севярынец, рэжысёр фільма “Жоўты пясочак” пра растрэлы ў Курапатах Аляксей Туровіч, актывісты Ніна Багінская, Ілля Дабратвор, Вольга Нікалайчык, Мая Навумава ды іншыя нераўнадушныя людзі.
За пікетоўшчыкамі пільна назіраюць некалькі супрацоўнікаў міліцыі.
Каля 15 гадзін удзельнікаў пікету значна паболела: тут з'явіўся Зміцер Дашкевіч, Ганна Шапуцька, актывісты "Моладзі БНФ" разам з Ганнай Смілевіч, прыехалі таксама і журналісты.
Нехта вырабіў на асфальце надпіс «Кабак на костках», хутка з'явіўся ўчастковы і нешта зафіксаваў, затым персанал рэстарана змыў гэты надпіс.
Актывісты не прапускаюць машыны пастаўшчыкоў, якія едуць сюды з прадуктамі і блакуюць іх на пад'ездзе да брамы. Час ад часу яны скандуюць: «Ганьба!», «Ці не кабак, а музей!», «Жыве Беларусь!».
Супрацоўнікі ДАІ папярэджваюць актывістаў, што тыя знаходзяцца на праезнай частцы і таму парушаюць прамілы дарожнага руху. За гэта яны могуць быць пакараныя. Аднак гэта не спыняе пікетоўцаў, якіх становіцца ўсё болей. Так, каля 16 гадзін да рэстарана прыехалі Аляксей Янукевіч і Эдуард Пальчыс.
Павал Севярынец заклікаў прысутных застацца тут да 18 гадзін.
На Паўла Севярынца быў складзены пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху. Ленанід Кулакоў напісаў скаргу аб наездзе на яго аўтамабіля наведвальніка.
«Паедзем, паядзім» планавалася адчыніць яшчэ 1 чэрвеня, але актывісты пачалі штодзень пікетаваць рэстаранны комплекс.