viasna on patreon

Новы вобшук у Брэсце на сумнеўных падставах Аўдыё

2018 2018-06-05T16:14:15+0300 2018-06-05T16:32:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/andrasyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Андрасюк. Фота: "Берасцейская Вясна"

Дзмітрый Андрасюк. Фота: "Берасцейская Вясна"

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома пра новы выпадак правядзення вобшука ў Брэсце, які быў здзейснены міліцыянтамі на сумнеўных падставах.

28 траўня ў 11 гадзін ранку ў кватэру актывіста Дзмітрыя Андрасюка прыйшлі супрацоўнікі Маскоўскага РУУС Брэста. Сам хлопец у той час быў на працы, дома была толькі яго маці. Дзмітрый загадзя не быў папярэджаны, што ў адносінах да яго вядзецца нейкі працэс, не кажучы пра тое, што будзе праводзіцца вобшук.

“Супрацоўнікі не прадставіліся, не прад’яўлялі свае службовыя пасведчанні. Яны паказалі маці нейкую паперу, у якой напісана, што я разам з двума невядомымі мне людзьмі 9 ці 10 траўня быццам бы намаляваў графіці ў аграгарадку Беражное. Пры гэтым у тыя дні я быў у Мінску, а ў тым аграгарадку я ўвогуле не быў апошнія чатыры гады дакладна”, - распавядае хлопец.

Па словах Дзмітрыя, вобшук цягнуўся нядоўга – каля 15 хвілін. Цягам гэтага часу міліцыянты рыліся ў рэчах хлопца, папераварочвалі скрынкі на шафах, спрабавалі залезці ў яго кампутар. Таксама яны распытвалі маці Дзмітрыя наконт таго, ці ўдзельнічае яе сын у нейкіх суполках. Вобшук скончыўся імгненна, як толькі адзін з міліцыянтаў знайшоў на канапе кнігу “Нашым сябрам. Нябачны камітэт”. Супрацоўнікі РУУС апісалі яе і хутка сышлі, забраўшы кнігу і пакінуўшы копію пратакола аб правядзенні вобшука. З таго моманта з Дзмітрыем ніхто з міліцыянтаў не звязваўся, ніякіх падрабязнасцей незразумелай справы аб графіці ў Беражным ён не ведае.

Зараз Дзмітрый Андрасюк накіраваў скаргу ў Пракуратуру Брэста з просьбай правесці праверку законнасці дзеянняў супрацоўнікаў брэсцкай міліцыі.

Нагадаем, што ў траўні прайшлі ператрусы яшчэ ў некалькіх сацыяльных актывістаў з Брэста ў звязку з акцыяй пратэсту супраць будаўніцтва ў горадзе акумулятарнага завода – перакрыццем трасы М1, якая адбылася шостага траўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства