Лідэры незалежнага прафсаюзу РЭП адмовіліся пісаць Лукашэнку прашэньне аб памілаваньні
Старшыня незалежнага прафсаюзу рабочых радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч і бухгалтар РЭП Ігар Комлік, якіх абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», адмовіліся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Пра гэта Свабодзе паведаміў Генадзь Фядыніч, які 8 чэрвеня разам з Ігарам Комлікам пабываў у Сьледчым камітэце.
«Нарэшце мы скончылі вывучаць нашу справу, а гэта вялікі аб’ём — 11 тамоў па 300 аркушаў. Пасьля таго як мы сказалі сьледчым, што азнаёміліся са справай, яны спыталіся, ці хочам мы скарыстацца сваім правам напісаць хадайніцтва аб памілаваньні на імя кіраўніка беларускай дзяржавы. Мы адказалі адмоўна, бо нічога не парушалі. Таму прасіць аб памілаваньні няма падстаў», — сказаў Фядыніч.
Пасьля гэтага сьледчыя сказалі, што справа Фядыніча і Комліка працягнутая яшчэ на адзін месяц да 1 ліпеня 2018 году.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.
Паводле такога самага артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.
Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.