Алесь Бяляцкі пра рэстарацыю ў Курапатах: "Гэтую ненармальную сітуацыю яшчэ магчыма змяніць" Аўдыё
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і сябра Рады арганізацыі Зміцер Салаўёў выказалі сваё стаўленне да сітуацыі вакол рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Паедзем, паядзім”, пабудаваным у Курапатах - ля месца масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Каля ўезду на тэрыторыю рэстарацыі праваабаронцы разгарнулі вялікую расцяжку з надпісам “Курапаты – месца злачынства і смутку”.
Старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі лічыць размяшчэнне рэстарацыі каля месца сталінскіх расстрэлаў недапушчальным і таму вырашыў такім чынам выказаць сваё меркаванне.
"Фактычна гэта забаўляльная пляцоўка, якая была пабудаваная з парушэннем заканадаўства таго часу. Відавочна, што бізнес з самога пачатку не звяртаў увагу на гэтае месца. Галоўнае для яго было зрабіць прыбытковы аб’ект, што паказвае яго пэўную бяздушнасць і амаральнасць. Але значна большая адказнасць ляжыць на ўладах, якія дапусцілі гэтае будаўніцтва, на тых людзях, якія ставілі свае подпісы пад дакументамі, што дазвалялі размясціць гэты аб’ект тут.
Увогуле тэндэнцыя сумная, бо ўлады па-ранейшаму стараюцца не заўважаць месцы масавых ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Гэтая лінія праводзіцца імі дзясяткамі гадоў, у прыватнасці Аляксандрам Лукашэнкам. На сённяшні дзень не адбылося нармальнага ўшанавання месцаў масавых расстрэлаў ні ў Курапатах, ні ў іншых падобных месцаў, якіх у Беларусі вельмі шмат. А гэта дзесяткі тысяч людзей, якія загінулі дзякуючы вар’яцкай дактрыне камунізма і барацьбе са сваім народам, якую праводзіла камуністычная партыя ў той перыяд".
Бяляцкі нагадаў, што 30 гадоў таму, у чэрвені 1988 года адбылася першая дэманстрацыя, дзе сабраліся жадаючыя ўшанаваць памяць загінулых у Курапатах і дзе ён асабіста ўдзельнічаў. Тады было абвешчана на ўсю краіну і на ўвесь свет, што ёсць гэтае месца і што ёсць людзі, гатовыя яго ўшаноўваць і казаць пра яго праўду.
"Але вось мінуі гэтыя 30 гадоў, і мы зноў апынуліся ў такой паганай сітуацыі, калі адчуваеш, што так не мусіць быць. І я асабіста лічу, што кожны сумленны чалавек павінен прыйсці сюды хоць на пяць хвілін, хоць на гадзіну і выказаць свой пункт погляду на гэтую ненармальную сітуацыю, якую яшчэ магчыма змяніць. Таму нам варта дамагацца, каб гэтая рэстарацыя ля Курапатаў была перапрафілявана ці зачынена, бо адназначна атмасфера гэтага месца мусіць быць іншай", - адзначыў праваабаронца.
Нагадаем, што напярэдадні праваабаронца ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў зварот у Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці і абаснаванасці змянення межаў ахоўнай зоны “Курапаты”. Аналагічны зварот праваабаронца накіраваў таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта.