У Менску прэзентавалі кнігу «Турма, мужчына і жанчына»
У аўторак, 19 чэрвеня, у сядзібе Партыі БНФ прайшла прэзентацыя кнігі Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у беларускіх турмах».
Кніга складаецца з дакументальных споведзей людзей з крымінальным досведам, удзельнікаў перадачы “Свабода ў турмах”, якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011-2017 гг.
Аўтарка кнігі Алена Струвэ адзначае, што героі ў кнігах хацелі сказаць, што жыць цяжка, але жыць трэба…
“У турмах сядзяць і мужчыны, і жанчыны. Яны сядзяць па аднолькавых артыкулах. Мужчыны і жанчыны змяшчаюцца ў аднолькавых умовах утрымання. Але яны па-рознаму пераносяць гэтыя ўмовы псіхалагічна і маральна. Таму гэтая кніга будуецца на такіх паралелях, адрозненнях,” – распавядае Алена Струвэ.
На прэзентацыі прысутнічалі героі кнігі «Турма, мужчына і жанчына”, напрыклад, Васіль Сямашка. Ён сядзеў па артыкулу за хуліганства ў СІЗА на Валадарцы, калі начальнікам быў Алег Алкаеў. Пазней бываў у беларускіх папраўчых установах як журналіст. Алег Міхей, які цяпер з’яўляецца валантэрам праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», падняў праблемы заробкаў у беларускіх калоніях. Ён распавёў, што ў бабруйскай калоніі, дзе ён адбываў пакаранне, у 2008 годзе атрымаў за месяц на новыя грошы 91 капейку.
Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі распавёў, што вялікай праблемай беларускіх турмаў з’яўляецца іх перанаселенасць, дзе адначасова ўтрымліваюцца па 2-3 тысячы чалавек.
“Турмы трэба разгружаць. Гэта першае, што магло бы палепшыць умовы ўтрымання зняволенных, клімат, умовы лекавання, адносіны паміж зняволеннымі. Падчас амністыі ў Бабруйскай калоніі станавілася каля 1800 чалавек, але калі пачалі расфарміроўваць Наваполацкую і Гомельскую турмы, то ў нашым кубрыку замест васьмі чалавек станавілася шаснаццаць. І мы мусілі неяк ўжывацца паміж сабой. І іншая сітуацыя, напрыклад, у Івацэвічскай турме, дзе змяшчаецца чатырыста чалавек. І там больш людскія адносіны. Таму, відавочна, што гэтае перасяленне стварае больш людскія ўмовы,” – расказвае былы палітвязянь Алесь Бяляцкі.
У прэзентацыі таксама бралі ўдзел Людміла Кучура, якая 14 гадоў змагаецца за мужа-вязня, журналіст, бард Зміцер Бартосік; мовазнаўца Вінцук Вячорка; іншыя былыя зняволеныя.
Нядаўна, 12 чэрвеня, ПЦ "Вясна" ў Мінску прэзентаваў кнігі былых палітзняволеных Алеся Кіркевіча “Сем месяцаў у беларускай турме” і Міколы Дзядка “Фарбы паралельнага свету”. Гэтыя дзве кнігі ўвайшлі ў серыю “Беларуская турэмная літаратура”.