viasna on patreon

Ларыса Шчыракова атрымала пратакол за рэпартаж з Непала

2018 2018-07-05T13:50:22+0300 2018-07-05T14:05:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shchyrakova-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Шчыракова. Фота: svaboda.org

Ларыса Шчыракова. Фота: svaboda.org

Незалежная журналістка з Гомеля Ларыса Шчыракова пабывала ў Гімалаях. Пасля вяртання яе наведаў участковы інспектар і склаў адміністрацыйны пратакол, паведамляе Прэс-служба БАЖ.

Участковы інспектар Сяргей Прымакоў абвінаваціў журналістку ў працы без акрэдытацыі на карысць спадарожнікавага тэлеканала "Белсат" (Незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ, ч.2, артыкул 22.9 КаАП).

Фотарэпартаж быў змешчаны на сайце тэлеканала 16 траўня пад назвай “Краявіды, ад якіх займае дух. Найвышэйшыя горы ў свеце вачыма гамельчукоў”. 

“У беларускіх міліцыянтаў дзіўная логіка: фотаздымкі я рабіла у Непале ў Гімалаях, падчас узыходжання на гару Манаслу, а мяне вінавацяць у тым, што я, будучы неакрэдытаванай у Рэспубліцы Беларусь, ажыццяўляла прафесійную дзейнасьць як журналістка замежнага СМІ. У Непале да мяне прэтэнзій не было, а ў роднай Беларусі з’явіліся", — сказала Ларыса Шчыракова службе маніторынга ГА “БАЖ”.

Журналістка звяртае ўвагу на недарэчнасць і іншых фармулёвак у адміністрацыйным пратаколе. Паводле ўчастковага Прымакова, яна нібыта размясціла “артыкул у выглядзе сюжэта ў эфіры тэлеканала”, хоць фотарэпартаж быў змешчаны толькі на сайце.

Калі суд Гомельскага раёна разгледзіць вышэйзгаданы міліцэйскі пратакол, пакуль невядома — позвы яшчэ няма.

Тым часам 6 ліпеня Ларысу Шчыракову выклікаюць у Рэчыцкі раённы суд на разгляд яшчэ адной адміністрацыйнай справы - ізноў-такі за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі. Журналістку абвінавачваюць у падрыхтоўцы сюжэта "Сёння ў бітумнай яме гіне жывёла, заўтра — людзі?”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства